Трамп абвясьціў, што скасуе санкцыі ЗША супраць Сырыі, чакаецца ягоная сустрэча з часовым кіраўніком краіны

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на інвэстыцыйным форуме ў Саудаўскай Арабіі, 13 траўня 2025 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб намеры зьняць санкцыі з Сырыі пасьля падзеньня рэжыму Башара Асада.

«Я загадаю зьняць санкцыі з Сырыі, каб даць ёй шанец на веліч», — заявіў Трамп, выступаючы на інвэстыцыйным форуме ў Саудаўскай Арабіі.

Ён сказаў, што прыняў гэтае рашэньне пасьля абмеркаваньня сытуацыі ў Сырыі з кронпрынцам Саудаўскай Аравіі Мухамадам бін Сальманам і прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Рэжым Башара Асада быў зрынуты ў сьнежні 2024 году. Былы прэзыдэнт Сырыі ўцёк у Расею, дзе яму далі прытулак. Пасьля зрынаньня Асада пераходным прэзыдэнтам Сырыі стаў Ахмэд аш-Шараа.

Цяперашні візыт Дональда Трампа на Блізкі Ўсход — яго першы афіцыйны замежны візыт пасьля вяртаньня на пасаду прэзыдэнта ЗША. Паводле зьвестак Axios, Трамп плянуе сустрэцца з Ахмэдам аш-Шараа. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп можа сустрэцца з часовым прэзыдэнтам Сырыі ў Саудаўскай Арабіі ў сераду, піша AP. Агенцтва паведаміла, што прэзыдэнт ЗША пагадзіўся прывітацца з Ахмэдам аш-Шараа, які прыедзе ў Эр-Рыяд сустракацца з Радай супрацы арабскіх дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі.

Першы дзень чатырохдзённага візыту Трампа ў рэгіён Пэрсыдзкай затокі быў адзначаны дзелавымі пагадненьнямі, у тым ліку аб інвэставаньні Саудаўскай Арабіяй у ЗША 600 мільярдаў і аб продажы амэрыканскай зброі гэтаму каралеўству на 142 мільярды даляраў.

Пазьней у сераду Трамп адправіцца ў сталіцу Катару Доху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Сырыі прызначылі новы ўрад. У ім ёсьць прадстаўнікі друзаў, алавітаў і курдаўПераходным прэзыдэнтам Сырыі аб’явілі лідэра сырыйскіх паўстанцаў аль-Джуляні Улады Сырыі на перамовах з Расеяй запатрабавалі выдаць Асада, — ReutersКіраўнік групоўкі, якая кантралюе Сырыю, паабяцаў правесьці выбары за 4 гады

Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

  • З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
  • 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
  • Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
  • На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
  • На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
  • У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
  • 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
  • На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
  • «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.