Лукашэнка звольніў кіраўніка Крычаўскага раёну. Яго адстаўкі патрабавалі больш за 400 чалавек

Васіль Сысоеў

Старшыня Крычаўскага райвыканкаму Васіль Сысоеў, за адстаўку якога было сабрана больш за 400 подпісаў, зьняты з пасады. Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраваць раёнам першага намесьніка Сысоева — Дзьмітрыя Бачкова. Гэты чыноўнік адказваў за мясцовую эканоміку і прадпрымальніцкую галіну.

У ідэале кіраўніка раёну мае выбіраць насельніцтва

Ініцыятары кампаніі за адстаўку Сысоева не выключаюць, што чыноўніка зьнялі з пасады ў тым ліку і праз намаганьні грамадзкасьці. Незадаволеныя грамадзяне даводзілі: Сысоеў не дае рады сваім абавязкам. За час ягонага кіраўніцтва раёнам стан мясцовай эканомікі і сацыяльнай сфэры пачаў «пагаршацца імклівымі тэмпамі».

«Адстаўка Сысоева — гэта сыгнал, што грамадзкасьць можа ўплываць на кадравыя рашэньні кіраўніка дзяржавы праз збор подпісаў і крытычныя публікацыі ў недзяржаўнай прэсе», — казаў у інтэрвію Свабодзе адзін з ініцыятараў кампаніі за адстаўку чыноўніка, журналіст Сяргей Няроўны.

«У ідэале, — адзначаў ён — кіраўніка раёну мусяць выбіраць яго жыхары, каб чыноўнік адчуваў адказнасьць перад імі. Аднаку у цяперашніх умовах даводзіцца спадзявацца на ўпартасьць і актыўнасьць незапалоханай часткі грамадзтва».

Лукашэнка паказаў, хто прымае кадравыя пытаньні

Сяргей Няроўны заўважыў, што хуткай рэакцыі на незадаволенасьць насельніцтвам дзейнасьцю чыноўніка не чакалася. Зьбіраць подпісы за адстаўку Сысоева пачалі сёлета ў лютым. Прэзыдыюм раённага савету і кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкаму не падтрымалі ініцыятывы грамадзян.

«У Менску, вядома ж, адсочвалі, што адбываецца са зьбіраньнем подпісаў у Крычаве, — мяркуе Няроўны. — Зразумела, ані дэпутаты райсавету, ані чыноўнікі з аблвыканкаму не вырашаюць такіх кадравых пытаньняў. Лукашэнка паказаў, хто прымае канчатковыя рашэньні. Кіраўнік дзяржавы атрымліваў зьвесткі з розных крыніцаў».

Паводле журналіста, некаторым з падпісантаў тэлефанавалі нібыта зь дзяржаўнай сацыялягічнай службы і пыталіся пра стаўленьне да мясцовай улады. Як ён кажа, людзі не хавалі, што даверу да чынавенства ня маюць і спадзяюцца на Лукашэнку. За адстаўку Сысоева падпісаліся 418 жыхароў раёну.

Лукашэнку разгойдваць стабільную сытуацыю ў раёне можна

Падчас разгляду звароту за адстаўку Сысоева прэзыдыюм раённага савету вінаваціў ініцыятараў кампаніі ў тым, што яны «намагаюцца разгайдаць стабільную сытуацыю ў раёне». Настойвалі, што подпісы зьбіралі падманам. Людзям, паводле чальцоў прэзыдыюму, нібыта казалі, што подпісы зьбіраюцца не за адстаўку старшыні райвыканкаму, а за вырашэньне сацыяльных праблемаў.

У лісьце з аблвыканкаму ацэнкі дзейнасьці Васіля Сысоева на пасадзе кіраўніка раёну няма. Адзначаецца, што кіраўніцтва раёну робіць захады, каб ліквідаваць нэгатыўныя тэндэнцыі 2016 году. Яны, гаворыцца ў дакумэнце, дазволілі раёну ўзьняцца «у рэйтынгу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёнаў Магілёўскай вобласьці з 20-га на 14-е месца».

Пагутарыць з новым кіраўніком раёну Дзьмітрыем Бачковым не ўдалося. Вядома, што ён 1979 году нараджэньня. Асаблівай ініцыятыўнасьцю на ранейшай пасадзе не вылучаўся. Аляксандар Лукашэнка прызначыў Бачкова старшынём выканкаму 14 верасьня.