Жыхар вёскі Лунна Мастоўскага раёну Гарадзенскай вобласьці Лявон Карповіч выдаў кнігу пра сваё мястэчка — Луна-Воля.
Мястэчка пад назвай Луна-Воля афіцыйна ўжо няма, а ёсьць вёска Лунна. Яна і цяпер падзелена рэчкай. Зарачанскую частку яшчэ ў 70–80-я гады мінулага стагодзьдзя местачкоўцы называлі Воляй. Цяпер так ужо ня кажуць.
Каб увекавечыць забытую назву, Лявон Карповіч вынес яе ў загаловак сваёй кнігі — «Маё мястэчка Луна-Воля». Бо ў аніводнай зь беларускіх энцыкляпэдыяў Воля ўжо ня згадваецца, хоць падзел паміж мястэчкамі зьнік толькі пасьля Другой сусьветнай вайны, а назва Воля, паводле Карповіча, вядзецца з пачатку XVI стагодзьдзя.
Кніга «Маё мястэчка Луна-Воля»
Лявон Карповіч цяпер пэнсіянэр, большую частку жыцьця быў настаўнікам, выкладаў матэматыку. Кажа, што ўвесь час працаваў толькі ў беларускіх школах. Сам родам з Ваўкавыску, а ў Лунну жыцьцё прывяло яго ў 1971 годзе.
Лявон Карповіч і ягоная жонка Валянціна Карповіч
Яшчэ тады яго ўразіла, што пачытаць пра гісторыю старажытнага мястэчка не было чаго. А ў часы перабудовы ў раёне пачалі выпускаць незалежную газэту, і рэдактар Язэп Палубятка прапанаваў зьмяшчаць матэрыялы пра гісторыю Луна-Волі. І з гэтага пачаліся пошукі.
«Тады не было ні кампутара, ні інтэрнэту, — узгадвае Карповіч. — Усё даводзілася шукаць у нешматлікіх публікацыях, рабіць закладкі ў кнігах, а тэксты пісаць ад рукі».
На пачатку двухтысячных Карповіч разам са сваімі аднадумцамі пачаў дамагацца, каб улады ўшанавалі памяць забітых у Другую сусьветную вайну габрэяў Лунны і ўсталявалі па іх памятны знак. Аднак такая прапанова не праходзіла, хоць дайшлі аж да Канстытуцыйнага суду.
«Я нават сказаў тады начальству, што калі не дазволяць паставіць памятны знак у цэнтры мястэчка, то пастаўлю ва ўласным гародзе, — кажа Карповіч пра сваё змаганьне.
Памятны знак тым, хто загінуў у Другую сусьветную вайну
Урэшце знак паставілі. Праўда, напісалі, што гэта не па габрэях, а па ўсіх забітых жыхарах Лунны.
А пазьней габрэі з Ізраіля, пабачыўшы памятны знак, зьвярнуліся да ўладаў з просьбай зьмясьціць побач невялічкую таблічку на іўрыце пра забітых габрэяў, і ім не адмовілі.
«Мяне тады вельмі ўразіла стаўленьне габрэяў да сваёй памяці, калі я пабачыў, што яны едуць у Лунну з усяго сьвету, ідуць на могілкі, разграбаюць гэтыя зарослыя камяні, чытаюць надпісы. І так з году ў год. Гэта быў яшчэ адзін штуршок для мяне, каб шукаць гісторыю мястэчка. Мне вельмі карцела, каб жыла памяць пра маё мястэчка».
Старыя габрэйскія дамы у Луньне
Кажучы аб працы над кнігай, Карповіч больш згадвае пра тых, хто дапамагаў яму шукаць матэрыялы, хто дазваляў выкарыстоўваць здымкі, запісаныя аповеды. Пра сваю ж працу сьціпла нічога ня кажа.
«Мая кніга — не навуковая манаграфія, а проста спроба сабраць самыя розныя матэрыялы, якія захаваліся пра мястэчка, аповеды жывых людзей. Бо нават той час, калі Беларусь стала незалежнай, ужо забываецца, калі пра яго ніхто не нагадвае», — кажа Лявон Карповіч.
У кнізе сабраная і храналягічна выкладзеная гісторыя мястэчка, ёсьць цікавыя, вельмі чытэльныя аповеды пра зьвязаных зь ім асобаў, здагадкі і гіпотэзы пра гістарычныя падзеі. Чаго толькі вартыя ўспаміны пра габрэйскі тэатар, які распачынаў пастаноўкі а 23-й гадзіне! Месцы ў ім займалі а 20-й, а вярталіся з тэатру а 5-й гадзіне раніцы, калі хрысьціяне ўжо выганялі на пашу кароў.
Праваслаўная царква ў Луньне
«Я толькі нядаўна даведаўся, што Эліза Ажэшка вылучалася на Нобэлеўскую прэмію, — распавядае Лявон Карповіч. — У мяне павага да яе ня толькі з-за таго, што яна вялікая пісьменьніца. Яна была паўстанкай і за гэта вартая самай вялікай павагі. І, на жаль, пра гэта нідзе не гавораць. А я вырашыў распавесьці і пра гэта. Я ўзгадваю гісторыю, як яна выратавала Траўгута, як ставілася да паўстанцаў, і пра яе пазыцыю, калі яна, 20 год пражыўшы пад расейскай акупацыяй, ня вымавіла ніводнага слова на мове акупантаў. Гэта трэба было зрабіць — цікавая гісторыя».
Каталіцкі касьцёл у Луньне
А вось пра сябе спадар Карповіч распавядае вельмі сьцісла. У яго чацьвёра дарослых дзяцей і ўнукі. Пра тое, што выгадаваць іх было няпроста, ня ўзгадвае. Праўда, кажа, што шмат на яго сьветапогляд паўплываў легендарны краязнаўца Алесь Белакоз, вёска якога побач. Карповіч адным зь першых у раёне выйшаў з шэрагаў камуністычнай партыі і ўступіў у БНФ.
«Напісаў заяву, сабралі ў калгасе сход і на ім прагучала пытаньне — чаму я вырашыў пакінуць партыю? А я адказаў проста: вашы словы разыходзяцца з вашымі справамі, і я болей не хачу быць у такой партыі. І ніхто нічога зь пяцідзесяці камуністаў болей не сказаў, не задалі ніводнага пытаньня. Думаю, што ўсе тады моўчкі зразумелі, пра што я казаў. Дарэчы, і на працы ў мяне пасьля гэтага праблемаў не было».
Спадар Карповіч распавядае, што на пэнсіі ў яго нестае на ўсё часу. Апроч збору матэрыялаў для кнігі, ён займаецца і іншымі справамі. Сярод іншага, філятэліяй.
«Я вельмі позна прыйшоў у філятэлію праз сваіх цудоўных сяброў і зразумеў, што не змагу зь імі канкураваць у гэтай справе. Вырашыў, што буду зьбіраць маркі толькі тыя, якія датычаць гісторыі Беларусі, а такіх адмыслоўцаў сярод філятэлістаў у нас няма. І вось цяпер у мяне ўжо адбылося некалькі выставаў па розных гарадах Беларусі. Апошнім часам рыхтую выставу па гісторыі Бібліі ў Беларусі. Таксама вельмі рэдкая тэма, і падобныя выставы выклікаюць цікаўнасьць. Праўда, шмат якія маркі я папросту не магу набыць з-за дарагоўлі», — распавядае ён.
Так выглядае паштовая скрыня Лявона Карповіча
Наступная мара, як кажа сам Карповіч, — выдаць «Біблейскія гісторыі, ілюстраваныя паштовымі маркамі». Аўтар ужо мае каля ста артыкулаў на гэтую тэму і шукае фундатара для выданьня.