Каля трохсот гарманістаў, выканаўцаў частушак і народных песень зь Беларусі, Украіны, Малдовы, Расеі, Эстоніі сабраў рэгіянальны фэст «Грай, гармонік» 30–31 ліпеня ў Ельску на Гомельшчыне. Некаторыя ўдзельнікі сьпявалі частушкі і пра Лукашэнку.
Адкрыцьцё фэсту «Грай, гармонік»
Адкрыцьцё фэсту «Грай, гармонік»
За паўтара дзесяцігодзьдзя з моманту заснаваньня фэст гарманістаў стаў своеасаблівай візытоўкай Ельску — невялічкага райцэнтру на Палесьсі. Тут рвуць мяхі гармонікаў, парушаючы звыклую цішыню, беларусы, украінцы, малдаване, расейцы. Бывалі гады, калі ў Ельск наведваліся нават гарманісты зь Нямеччыны, Польшчы, Літвы.
Ельскія музыкі
Ельскія музыкі на галоўнай сцэне
Мінулай нядзеляй адным зь першых на галоўную сцэну падняўся ансамбль гаспадароў — «Ельскія музыкі»: пяцёра гарманістаў, бубнач і кантрабасіст. І мэлёдыя чароўнай беларускай «Лявоніхі» вырвалася на волю, пашыбавала па вуліцах і завулках гарадка.
«Калі ў нас сталі ладзіць гармонікавыя фэсты, мы й вырашылі стварыць ансамбль „Ельскія музыкі“, — кажа ягоны кіраўнік Уладзімер Мартыновіч. — Гарманістаў у нас багата, і грэх было б не аб’яднаць высілкі».
Рыгор Старавойтаў, Валянціна Ляўкоўская, Уладзімер Мартыновіч
У ансамблі на гармоніку грае і жанчына — Валянціна Ляўкоўская зь вёскі Стара-Высокае. Па прафэсіі яна — бухгальтар, па натуры — заўзяты музыка:
«У мяне, лічыце, уся радня — музыкі. Граў мой бацька, дзядзька, усе браты — цэлыя пакаленьні. І я навучылася. Люблю народную музыку, люблю гармонік».
Аддавай, Язэп, гармонік
На сьвяце ў Ельску жанчыны з гармонікамі — не такая ўжо й рэдкая зьява. На пяць-сем мужыкоў-гарманістаў — абавязкова грае жанчына.
Паліна Лапацік, яе муж Пётар і барабаншчык Вячаслаў Шадрын
Паліну Лапацік зь вёскі Бярозаўка Калінкавіцкага раёну можна сьмела ставіць у адзін шэраг са старшынём журы, расейскім гарманістам з Санкт-Пецярбургу Ігарам Шыпковым. Гэта калі браць узровень музычнага майстэрства.
А калі ўлічыць веданьне беларускага фальклёрнага кантэнту, то менавіта такія спэцыялісты, як Паліна Лапацік, павінны былі б ачольваць журы. Арганізатары фэсту — Гомельскі аблвыканкам і Ельскі райвыканкам — беспадстаўна «прагібаюцца», нават, выглядае, прыніжаюць ролю нацыянальных музыкаў, аддаючы ацэнку беларускай народнай творчасьці на водкуп замежным гарманістам.
Ці няшчасны народ
Паслухаць музыкаў
Віктар Яцко з Падгальля з аднавяскоўкамі
Анатоль Саенка з Жыткавічаў
Мяркуючы па колькасьці ўдзельнікаў фэсту, беларусы не цураюцца гармоніка, нягледзячы на суровае папярэджаньне італьянскага «д’ябла скрыпкі» Нікаля Паганіні: «Няшчасны народ, які карыстаецца падобным інструмэнтам».
Расейскі кампазытар украінскага паходжаньня Пётар Чайкоўскі таксама лічыў, што гармонік, іншаземны інструмэнт, які прыйшоў зь Нямеччыны, «скажае народныя песьні», бо, прынамсі ў Беларусі, народныя сьпевы традыцыйна суправаджаліся дудой, цымбаламі, скрыпкай.
Знакаміты беларускі этнограф Еўдакім Раманаў — той наагул каменя на камені не пакідаў ад гармоніка, характарызуючы вынаходку нямецкага настройшчыка арганаў Фрыдрыха Бушмана досыць нэгатыўна: «Пошлы гармонік, які зьяўляецца, згодна з народнымі поглядамі, сымбалем разбэшчанасьці і распушчанасьці моладзі, якая ўжо пасьпела паспытаць плады фабрычнай цывілізацыі».
«З гармонікам днюю і начую»
Зрэшты, цяпер ніхто і не прыслухоўваецца да меркаваньняў аўтарытэтных у музыцы і фальклёры адмыслоўцаў. Гармонік даўно і грунтоўна ўкараніўся ў традыцыйнай культуры беларусаў.
Музыкі з Кобрыну
Валер Шаўчук
Удзельнік конкурснай праграмы ельскага фэсту сьлесар Валер Шаўчук з Кобрына, які прывёз з сабою яшчэ дваіх музыкаў і двух бубначоў, кажа, што не ўяўляе свайго жыцьця без гармоніка:
«Гармонік — гэта для мяне ўсё. Я зь ім, можна сказаць, днюю і начую. У мяне цэлая калекцыя гармонікаў, шмат якіх я адрэстаўраваў. Я не даю гармоніку памерці».
Украінскія музыкі
У падобным духу адгукаецца і Ўладзімер Мысьлік, гарманіст з райцэнтру Андрушаўка Жытомірскай вобласьці Ўкраіны.
«Беларусы нас запрашаюць, і мы прыяжджаем. Па-суседзку. На гармонік крышачку забыліся, але цяпер ён адраджаецца. Яго трэба цалаваць і шанаваць», — лічыць украінскі музыка.
Гасьцінныя падворкі фэсту
Гармонік надзвычай добра пасуе да частушак, якія таксама намінаваліся на фэсьце ў Ельску. Аднак збольшага гэта былі перапевы з расейскага рэпэртуару, і гучалі яны на мове суседняй краіны нават у найпершых дыплямантаў. А вось Ніна Лінкевіч з Жыткавіцкага раёну выступіла на фэсьце з частушкамі ўласнага складу — пра моладзь, нацыю, радыяцыю і нават пра кіраўніка дзяржавы.
Я частушкі сачыняю —
Перастала ноччу спаць.
Памагаю Лукашэнку
Ўсюды пляны выпалняць.
Ніне Фёдараўне 71 год. Яна была і паляводам, і жывёлаводам, і зборшчыцай малака. Выгадавала пяцёра дзяцей і мае ўжо сямёра праўнукаў.Творчая жылка ў яе жыве і ня гасьне. Толькі Ніна Фёдараўна адна й даўмелася параўнаць памер цяперашняй пэнсіі з крывяным ціскам:
Я танцую і пяю
Усім на удзіўленіе,
Хоць і пэнсія мая
Меней за давленіе.
Ніна Фёдараўна, вядома, не атрымала высокіх узнагародаў — толькі заахвочвальны дыплём. Але яна пасьпявала тыя частушкі, якія хацела і склала сама, сілкуючы такім чынам песенную народную творчасьць пад пералівы гармоніка.
Ельскія сувэніры
Мэлёдыі для ног