Зь ілюмінатара можна было разгледзець Альпы, Італію, кавалачак пустыннай Лібіі і яе паўстанцкую сталіцу Бэнгазі, Эгіпэт, Судан, новапаўсталы Паўднёвы Судан, Уганду.
Мы зь сябрам Вінсэнтам, беларускім рэпэрам і акторам, ляцелі ў Кенію валянтэрамі па запрашэньні міжнароднай арганізацыі, якая займаецца гуманітарнымі праграмамі ў Афрыцы. Для мяне гэта другі раз на «чорным кантынэнце». На 2012 году езьдзіў у Паўднёвую Афрыку на канфэрэнцыю з нагоды гадавіны вызваленьня Нэльсана Мандэлы. (Чытайце тут: 1, 2, 3, 4)
Аэрапорт Мамбасы як Гандлёвы дом на Нямізе
Ад нязвыклай беларусу 35-стопневай сьпёкі кружыцца галава. Кажух, у якім я выяжджаў зь Менску, выглядаў недарэчна, але бараніў ад цеплавога ўдару.
Разглядаючы малюнак на пашпарце, памежнік быў упэўнены, што мы з Савецкага Саюзу, і дзіўна ўсьміхаўся. Мы зь Вінсэнтам узгадалі, што нас вучылі заўжды казаць праўду, і прызналіся, што ніякіх прышчэпак ад малярыі, жоўтай ліхаманкі і рознага кшталту мух цэцэ не рабілі. Памежнік падумаў і агалосіў прысуд: «Акуна матата».
За наступныя 15 хвілінаў, пакуль нам афармлялі кенійскія візы, невядомыя абчысьцілі мой багаж. Не, яны ня ўкралі ані ключы, ані фотаапарат — яны выцягнулі схаваныя мной у шкарпэтках (дзе беларускія мытнікі ніколі не даўмеліся б шукаць) 280 тысячаў беларускіх рублёў. Верагодна, глядзелі адно беларуская тэлебачаньне і, ў спадзяваньні азалаціцца, не ўлічылі дэвальвацыі.
"Біўні Мамбасы" - брамы, збудаваныя да прыезду Каралевы Лізаветы ў Мамбасу ў 1952 годзе
Таксісты як у Менску
Гарадзкі краявід
Нас ніхто не сустрэў. Дабірался сваім ходам.— Акуна Матата, фрэнд, — задаволены таксіст узяў багаж і павёў за сабой. Іншыя крыважэрна глядзелі ўсьлед. Яшчэ адзін пабег за намі, тузаючы за рукаў кашулі і шчабечучы па-свойму зь нямецкім акцэнтам, стаў тыцкаць пальцам у зашмальцаваны каталёг з фотамі сланоў і зэбраў. Мы адмовіліся, тады ён наўпрост папрасіў грошы для свайго брата, які нібыта канае ад СНІДу.
Пакуль ехалі, у мяне было дэжавю. Таксоўшчык наракаў на сваё нялёгкае жыцьцё, гэтаксама як напярэдадні кіроўца службы 7788, падвозячы мяне на менскі вакзал.
Вінсэнт і прадавец сувэніраў
Кенійцы як беларусы: альбо бедныя, альбо вельмі бедныя. ВУП на душу насельніцтва ў сем-восем разоў меншы чым у Беларусі, заробак рэдка сягае 100 даляраў. Сярэдняй клясы практычна не існуе. Паміж 1895 і 1963 Кенія была брытанскай калёніяй, і, здаецца, трохі сумуе па каляніяльных часах. Беларусь таксама прыкладна столькі ж была ў складзе імпэрыі і таксама трохі сумуе. Але наша незалежнасьць амаль утрая маладзейшая за кенійскую.У Кеніі і Танзаніі беласкурага чалавека называюць «мзунгу» (у перакладзе з сўагілі — «мех з грашыма»), разглядаючы турыстаў выключна як сродак для існаваньня. Тут не ратуе факт, што ты з апошняй дыктатуры Эўропы. Нас блытаюць з Бэльгіяй альбо Расеяй. Калі вулічныя гандляры пыталіся, дзе знаходзіцца Беларусь, Вінсэнт казаў што побач з Эўразьвязам, каля Польшчы і Ўкраіны. І суразмоўца пачынаў напружана ўзгадваць урокі геаграфіі, падобна як беларускі васьміклясьнік, якога просяць знайсьці на мапе Руанду ці Гамбію... Гэта аднак сканчалася яшчэ больш настойлівай прапановай «купі-купі».
Так выглядае горад з туктука
Таксоўка тут дарагая, амаль як у Менску, таму наступныя дні мы перасоўваліся пераважна на тук-туку. Гэта самы распаўсюджаны тут транспарт — трохколавы матацыкл з бляшанай паветкай і безь дзьвярэй. Гэта нешта сярэдняе паміж матацыклам з вазком і карэтай.Вінсэнт размаўляў з кіроўцам, я вывучаў навакольле. Гарадзкі краявід у Кеніі — гэта ня толькі аднапавярховыя трушчобы, звалкі, машынныя коркі. Гэта падступны смурод і паўсюдны пыл. Але тое, што для нас Садома і Гамора, для мясцовых — будзённасьць.
Жанчыны несьлі на галовах вялікія мяшкі. Дзеці гулялі ў футбол з плястыкавай бутэлькай. А на пальмах уздоўж дарогі былі разьвешаныя бліскучыя цацкі, гірлянды, чырвоныя зоркі. Горад рыхтаваўся да Калядаў.
Гарадзкі краявід Мамбасы
Мануфактура як музэй у Дудутках
Правілы наведваньня мануфактуры
Нас павезьлі на гіганцкую мануфактуру ў цэнтры Мамбасы, якая належыць аднаму з плямёнаў. У Кеніі пражывае значна больш плямёнаў, чым у Беларусі, многія зь якіх ваююць паміж сабой за месца пад сонцам — у прамым сэнсе, за зямлю і за ваду. Некаторыя плямёны жывуць ізалявана, а некаторыя, як Akamba, удзельнічаюць у эканоміцы і палітыцы.Прадукцыя на продаж
Мануфактура знаходзіцца паміж кракадзілавай фэрмай і фабрыкай будаўнічых матэрыялаў. Да нашай дэлегацыі паставіліся вельмі цёпла, калі так можна казаць у такім клімаце, але папярэдзілі, каб нічога не набывалі з рук.Мануфактура нагадвае музэй у Дудутках: нехта выразае з дрэва слана, другі расфарбоўвае камень, трэці шые тамтам, чацьвертая нанізвае пацеркі на жылку. Толькі гэта не музэй, а сапраўдны індустрыяльны гігант: тут працуюць тры тысячы чалавек, у тым ліку дзеці. Прадукцыя — толькі сувэніры і толькі «хэндмэйд». Цэхі бязь сьценаў, але пад паветкай: ад дажджу і сонца, для зручнасьці кантролю і ўліку — ўсё навідавоку. У месяц яны вырабляюць да мільёна разнастайных сувэніраў, мэблі, упрыгожаньняў.
Дзядзька размалёўвае талерку
Дзядзька, які шліфаваў паўмэтровую фігурку слана, пахваліўся, што гэта замова з Брытаніі. Кажуць, людзі гэтага племені — найлепшыя ў сьвеце майстры па дрэве і камяні.Вінсэнт спрабаваў высьветліць, колькі яны зарабляюць, аднак ніхто не прызнаўся. Напэўна, усё ж болей, чым звычайна. Як і было наказана, з рук я нічога не набываў, але памяняў пакет ірысак на драўляную жырафу.
Дыктатура ў масайскім племені
Франак Вячорка (справа) з маладым масаем
— Ого, якія яны высокія! — адзначыў Вінсэнт, калі мы пад’яжджалі да вёскі племя масаяў. Да машыны падбег хлопец у пунсовай накідцы, позіркам ацаніў нашыя фінансавыя магчымасьці і прапанаваў наведаць іх вёску — за 1500 шылінгаў з кожнага (15 эўра). — Тысяча, — прапанаваў я, масай пагадзіўся.Перад намі пашыхтаваліся чалавек 50. Нешта прасьпявалі на сваёй мове, якая называецца маа. Падчас сьпеваў мужчыны хаатычна выцягвалі шыю наперад. Потым пачалі скакаць у вышыню.
— А цяпер малітва за нашых гасьцей! — сказаў па-ангельску галоўны масай, і ўсе ўкленчылі перад намі.
Масайскія мужчыны і жанчыны голяць галаву налыса
Дзясятак невысокіх хатак, складзеных з галінак і абмазаных каровіным памётам, пасярэдзіне — плошча для ската. Племя жыве па распарадку дня. Тут як у савецкім калгасе: усе бедныя, але роўныя. Усё заробленае адбіраецца на карысьць племя.Да нас выйшаў 30-гадовы мужчына безь пярэдніх зубоў, з чорным дубцом, падобным на біту, ды ільвіным зубам на грудзях, зьвярнуўся да нас:
— Бацька хворы, і цяпер я галоўны. Я гатовы адказаць на любыя пытаньні.
Масаі акружылі нас, мы задавалі пытаньні — правадыр адказваў. Было трошкі няўтульна, як на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі.
Чацьвёра зь пяці дзяцей у масаяў паміраюць
Мы спыталі пра жорсткую дысцыпліну ў племені і ўведалі, што з гэтым яны ня толькі не саступаюць Беларусі, але ў нечым нават і пераўзыходзяць. У племені жорсткая іерархія. Загады не аспрэчваюцца, рытуалы выконваюцца, Бацьку-правадыра не крытыкуюць. Тым ня менш, жанчынаў голяць налыса і ў вушы прадзяваюць шырачэзныя колы так, што вушы расьцягваюцца да плеч, а мужчынам вырываюць два ніжнія пярэднія зубы. «А мы наракаем на рэжым у Беларусі...», — задумаўся Вінсэнт.Да жыцьця масаі ставяцца па-філязофску. Паводле іх рэлігіі, на сьвеце быў рай, але Бог выгнаў адтуль людзей, і вяртаньня ўсё роўна ня будзе. Чацьвёра зь пяці дзяцей паміраюць маленькімі. Менавіта з-за высокай сьмяротнасьці масаі захоўваюць палігамію. Жанчына выходзіць замуж не за аднаго мужчыну, а за цэлую ўзроставую групу. Жанчына ў іх збольшага слуга, і яе можна пазычыць, калі трэба, ці абмяняць.
Буданы масаяў з каровінага памёту
Што зьдзівіла — масаі, як беларускія пэнсіянэры, амаль не ядуць мяса. Налягаюць на малако. Але ў адрозьненьне ад беларускіх пэнсінэраў — на малако з кроўю. Пратыкаюць шыю карове, нацэджваюць кубак крыві, мяшаюць з малаком, дзірку залепліваюць памётам. Карова ідзе пасьвіцца далей, кактэйль прымаюць а нацюрэль, бязь перцу, солі ці цукру. Замест каровы можа быць і бык, так што тут раўнапраўе. Нам прапаноўвалі, але Вінсэнт ветліва адмовіўся, а мне аднаму было няёмка. Яшчэ ж назад разам ляцець.http://www.youtube.com/embed/VeX9FYe0MmE?rel=0
Запрасілі паглядзець іх жытло ўнутры. Халупа нагадвае зямлянку часоў Другой сусьветнай вайны: нізкія столі, цёмна, вокнаў няма — толькі дзірачкі, каб выходзіў дым. Але прахалодна. Ад ложкаў сыходзіць трупны пах. На падлозе раскіданыя алюмініевыя кубкі і міскі — падобныя былі ў нас у войску, у в/ч 48694 у Мазыры.
— Як у войску, жыць можна, — сказаў я. Вінсэнт маўчаў. Можа, таму, што ў беларускім войску не служыў.
Наведваньне масаяў скончылася кірмашом сувэніраў, які зладзілі для нас іх жанчыны.
Заробленыя грошы забраў сын Бацькі-правадыра.
Акуна Матата не перакладаецца
Побач з трасай Мамбаса-Найробі
Тыя, хто не працуюць (а беспрацоўе ў Кеніі амаль 45%) — усё роўна ядуць. І ня толькі — яшчэ і сьпяваюць, танчаць, глытаюць агонь і робяць шмат чаго, што турыстам потым істотна палягчае багаж і кашалёк.Увогуле, кенійцы па-іншаму ставяцца да жыцьця, чым беларусы. Адсутнасьць працы, грошай, даху над галавой — ім гэта не замінае радавацца жыцьцю.
— Нашаму чалавеку што трэба? — пытаўся Вінсэнт і сам адказваў: — Правільна, стабільнасьць.
Кенійцы ж шукаюць прыгодаў, жывуць у мітусьні і пазьбягаюць складаных канструкцыяў.
Крама з сувэнірамі
Акуна матата — у беларускім перакладзе гэта значыць «няма клопату» альбо «ніякіх праблемаў». Для кенійцаў «Акуна матата» — гэта ня проста выслоўе, а падыход да жыцьця, падобна, як для беларусаў — «Мая хата з краю».«Акуна матата» — скажа кіроўца, які працуе «па-чорнаму», «акуна матата» — кажа растаман-прадавец марыхуаны, «Акуна матата» — кажа папрашайка на вуліцы.
І аднаго разу, калі ў прыцемках з маёй віны мы заблукалі ў трушчобах, Вінсэнт зірнуў у мой боку і няўпэнена сказаў:
— Акуна матата.
Дапамагло.
Акуна Матата - лад жыцьця
Дом ля Індыйскага акіяну каштуе як двухпакаёўка ў Менску
Кенійскі рыбак на ўзьбярэжжы Індыйскага акіяну
На пляжы мы пазнаёміліся з Зукам, які лавіў крабаў на продаж. На ім была старая футболка і шорты. Вызначыць узрост на выгляд мы не змаглі: нешта паміж 30-50 гадамі. Зука, адчуўшы магчымасьць зарабіць, пачаў угаворваць паехаць на сафары — глядзець жывёлаў:— Турыстычнае бюро тут, за рогам.
Зука, як Майсей, доўга вёў нас невядомымі сьцежкамі, людзей станавілася ўсё менш. Ніводнага белага. Мясцовыя дзецюкі глядзелі на нас гэтак жа, як у беларускай вёсцы глядзелі б на чарнаскурага. Падбягалі дзяўчаты, відавочна, непаўналетнія, прапаноўвалі масаж.
Вінсэнт распытваў Зуку пра нерухомасьць у Кеніі. Купіць дом на ўзьбярэжжы каштуе як двухпакаёўка ў Менску — 70-80 тысячаў. Я запытаў пра малярыю.
— Малярыя — не праблема. Адна прышчэпка — і няма малярыі. А вось СНІД...
Нешта кшталту гатэлю
Я распавёў, што ў нашай краіне дыктатура і сьнег, таму малярыі няма. Дыктатура Зуку ня так зацікавіла, як сьнег.— Я сьнегу ніколі ня бачыў, толькі па тэлевізары, — і сарамліва прызнаўся, што марыць пабываць у якой-небудзь экзатычнай краіне ў Эўропе. За ўсё жыцьцё ён быў толькі ў суседняй Танзаніі.
Турыстычны офіс, куды мы ўрэшце трапілі, аднапавярховы будынак бяз вокан безь дзьвярэй, але са сьценамі і драўляным дахам. Двухмэтровы мурын з залатым ланцугом на шыі сядзіць за 15-цалевым маніторам, на кампутары ўсталяваны windows 98. На сьценцы — каляндар 2007 году з фотаздымкам сланоў. Запытаўся зь якой мы краіны. Раптам кажа, што ў яго ёсьць беларуская вэрсія сайту. Хуценька набраў адрас сайту, kenyachikohtours.com, выбраў у мэню google translate беларускую мову, і сайт з жырафамі ды зэбрамі імгненна беларусізаваўся:
«Кенія — адразу фатаграфій чужой прыроды, бясконцыя залатыя мясцовасці, экзатычная флора і фауна, моцны ўсміхаюцца людзей з містычным чынам жыцця і традыцыямі ўсе прыходзяць на розум. Прыгажосць куста і хваляванне сафары тое, што робіць кенійскі такі чароўны вопыт».
Многія зарабляюць з турыстаў
Дзікая прырода — галоўны скарб
Ільвіца сьпіць
Найбліжэйшы нацыянальны парк знаходзіўся ў 6 гадзінах ад Мамбасы. Мы ехалі мікрабусам, абсталяваным для сафары: ён падобны на нашую маршрутку, толькі са здымным дахам. Гатэль, зрэшты, як і ўвесь запаведнік Taita Hills Wildlife Sanctuary, дзе ён знаходзіцца, прыватныя: гатэль належыць індусам, а запаведнік — Hilton International. У Кеніі сваіх капіталаў няма, таму рэальнай уладай тут валодаюць зусім не кенійцы, а немцы, індусы, арабы.Я асабіста быў уражаны такім нацянальным нігілізмам— гэта як бы кітайцы ці аманцы выкупілі частку Белавескай пушчы і пабудавалі там гатэлі.
Краявід дзікай Афрыкі
Праз вакно гатэлю, дзе нас пасялілі, чулася рохканьне, чвяканьне, кракатаньне, рык. Мы спусьціліся на двор, а там, літаральна за пяць мэтраў ад нас, сланы пілі ваду зь невялікай сажалкі. Бліжэй нас не пусьціў ахоўнік, маўляў, сланы дзікія.— Цікава, — сказаў Вінсэнт, — каго ён абараняе, людзей ад сланоў ці наадварот?
Два дні нас вазілі на саване, мы фатаграфавалі сланоў, зэбраў, бабуінаў, леапардаў, львоў, бафала, антылёпаў гну і імпала, фазанаў. У Кеніі забаронена паляваць на жывёлаў, таму яны паводзяць сябе досыць сьмела, падыходзяць да людзей. У машыне працавала радыё, кшталту як дыспэтчары ў таксоўцы, і кіроўцы паведамлялі, у якім сэктары парку якую жывёлу можна пабачыць.
Жырафы на гарызонце
Другую ноч мы правялі на кенійска-танзанійскай мяжы ў намёце з выглядам на найвышэйшую кропку Афрыкі — гару Кіліманджара. Тут яна ня проста турыстычная выбітнасьць, а аб’ект культу і нават пакланеньня.Вядома, у гару мы не пайшлі. Па-першае, таму што гэта Танзанія, і мы бы папросту не змаглі вярнуцца па нашай візе назад.
— Па-другое, — сказаў Вінсэнт, — гэта 5895 мэтраў, і ўсе ў вышыню.
Я не спрачаўся.
Сланы на фоне Кіліманджара
Мамбаскія Ждановічы
Кірмаш
Ня ведаю, чаму так дзейнічае Афрыка на чалавека, але Вінсэнт захацеў набыць сувэніраў. Яшчэ больш, у дадатак да ўжо набытых. На пытаньне навошта, каму, што зь імі рабіць, адказваў толькі «Акуна матата, фрэнд».Кірмаш Мамбасы атмасфэрай і мітусьнёй вельмі падобны да Ждановічаў: ад бананаў і старых кнігаў на вагу — да ніжняй бялізны і радыётавараў. Пасярод кірмашу — сьмярдзючая звалка, якая аднак нікога не засмучае, і латкі ставяць проста на сьмецьце. У павільёнах прадаюць шафран, ягады баабабу, каву, арэшкі (на выгляд — фундук, а ўнутры — як арахіс). Асабліва прадпрымальны гандляр прадаваў нам садавіну. 2 кг бананаў, 5 штук манга, пару апэльсінаў. За гэта хацеў 25 эўра. Згандляваліся на чатыры.
Звалка пасярод кірмашу
У іншага гандляра каменную фігурку слана я вымяняў на пару сваіх шкарпэтак і футболку з надпісам «Радыё Свабода». Ён, здаецца, быў вельмі рады удалай зьдзелцы, і я задаволены.Заехалі таксама ў сапраўдную краму. Я хацеў купіць торбачку з выявай слана, спрабаваў гандлявацца. Прадавец, азіраючыся на касу, сказаў, што менш за 4000 шылінгаў (40 эўра) не прадасьць, але можа яе для мяне ўкрасьці за 2500. Правёў праз чорны ўваход і ў чорным пакеце перадаў «тавар». Вінсэнт такім жа чынам купіў кубачкі па ўтрая меншым кошце.
Кубачкі гэтыя пасьля першай жа гарбаты патрэскаліся і разваліліся. А торбачка аказалася зусім не хэнд-мэйд з бавоўны, а made in India зь невядома якога матэрыялу.
— Справядлівасьць перамагла, — з сумам падсумаваў Вінсэнт.
На кірмашы вельмі папулярныя прыправы да ежы
Партрэт прэзыдэнта — у кожную халупу
Прадуктовая крама
На сьцяне ў краме, школе, кабінэце, аўтазапраўцы — партрэт прэзыдэнта, таксама як і ў нас. Заканадаўства не абавязвае, але рэкамэндуе. Партрэт прэзыдэнта на сьцяне (там, дзе ёсьць сьцены) — тут як цудатворная ікона, і стаўленьне да яго трапяткое. Вінсэнт запытаў прадавачку, навошта яна павесіла гэты здымак.— Гэта наш прэзыдэнт, мы яго любім.
Больш пытаньняў ён не задаваў.
Акрамя партрэту, больш ніякай палітычнай агітацыі намі заўважана не было. Кенійцы цікавяцца палітыкай роўна столькі ж, колькі беларусы — толькі калі гэта тычыцца іх асабіста.
Для цікавасьці я запытаў гандляра сувэнірамі (таго самага, які скраў торбачку сам у сябе) пра вядомых кенійцаў, пісьменьнікаў, дзеячаў.
Выбарчая камісія
У адказ атрымаў пералік прозьвішчаў знакамітых бегуноў на даўгія дыстанцыі, алімпійскіх чэмпіёнаў і ўсясьветных рэкардсмэнаў.Але адно выключэньне — адно палітычнае імя кенійцы згадваюць вельмі часта. Хоць гэта не грамадзянін Кеніі і ніколі ім ня быў. Гаворка, вядома, пра Барака Абаму.
Хоць сам Барак Абама нарадзіўся на Гаваях, але яго бацька — у каляніяльнай Кеніі. І Барака Абаму любяць і лічыць сваім.
— У адных — Барака, у іншых — небарака, — шматсэнсоўна адзначыў Вінсэнт.
Дарога дадому
Аэрапорт у Мамбасе
Усе нашы сумненьні наконт вагі багажу і колькасьці сувэніраў аказаліся беспадстаўныя. Калі мы вярталіся, дык недалічыліся асабістых рэчаў, некаторых сувэніраў. Скралі шкарпэткі, майку ды флэшку. Рэшту мясцовых грошай прымусілі здаць у аэрапорце, а беларускія грошы зьніклі яшчэ раней.— Акуна вашу матата, — з такой інтанацыяй, як Вінсэнт, гэтую фразу раней не казалі.
Дарога ў аэрапорт выглядала гэтаксама, як калі мы прыехалі. Тыя самыя трушчобы, смурод, пыл, дзеці з працягнутай рукой, жанчыны з торбамі на галаве, куры, худыя каровы. Я глядзеў на гарадзкія руіны, разьбітыя дарогі, вулічны хаос, і ў галаве прамільгнула крамольная думка:
— Эх, няма на іх Лукашэнкі...
— Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць, — напяваў Вінсэнт.
Крамольная думка выпарылася і не пакінула сьледу. Тэрмомэтр паказваў +32 у цені.