20–21 кастрычніка швэдзкі мэдыяінстытут FOJO, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі саюз журналістаў праводзяць у Менску міжнародную канфэрэнцыю «Прафэсійная этыка: сучасныя выклікі і пошук рашэньняў».
Удзел у канфэрэнцыі бяруць прадстаўнікі абедзьвюх журналісцкіх арганізацый — недзяржаўнай Беларускай асацыяцыі журналістаў і праўладнага Беларускага саюзу журналістаў, а таксама экспэрты са Швэцыі, Украіны, Грузіі, Казахстану, Таджыкістану, Армэніі і Расеі.
Сярод ганаровых гасьцей — амбасадар Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг. Да ўдзелу ў канфэрэнцыі таксама запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, якія на пачатку мерапрыемства заўважаныя не былі.
Цягам двух дзён журналісты будуць абмяркоўваць цэнзуру ў інтэрнэце, журналісцкую этыку, стандарты журналістыкі ва ўмовах канфліктаў, аўтарскае права, самарэгуляваньне СМІ і шмат што іншае. Другі дзень канфэрэнцыі будзе прысьвечаны журналісцкай этыцы на постсавецкай прасторы.
Свой выступ дарадца ў пытаньнях СМІ пры амбасадзе Швэцыі ў Расейскай Фэдэрацыі, вядомы швэдзкі журналіст Пэр Энэруд назваў «Цэнзура спараджае слабую дзяржаву. Свабода і дзяржаўная карысьць».
Пэр Энэруд на супольнай канфэрэнцыі БАЖ і БСЖ «Прафэсійная этыка: сучасныя выклікі — пошук рашэньняў»