Ці можна ўжо цяпер прагназаваць, хто стане кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад дзьвюх асноўных партыяў? Які кандыдат больш падыходзіць Беларусі?
Віталь Цыганкоў гутарыць з палітолягам Віталем Сіліцкім.
Цыганкоў: “Пераможцамі “праймэрыз” у амэрыканскім штаце Нью-Гэмпшыр сталі Гілары Клінтан – у дэмакратаў і Джон Маккэйн – у рэспубліканцаў. Пераможца папярэдніх выбараў у Нью-Гемпшыры часта ў амэрыканскай гісторыі станавіўся кандыдатам ад сваёй партыі і адпаведна, пераможцам выбараў. На вашую думку, ці могуць Гілары Клінтан і Джон Маккэйн ужо лічыцца фаварытамі ў прэзыдэнцкай гонцы?”
Сіліцкі: “Дарэчы, апошнія два разы гэтае “правіла” было парушанае. Біл Клінтан і Джордж Буш не перамагалі ў Нью-Гемпшыры, так што можа казаць пра новую тэндэнцыю.
Перад Нью-Гемпшырам у дэмакратаў выглядала, што кандыдатура Гілары Клінтан можа проста рассыпацца. Але гэтага не адбылося, і ўжо цяпер з вялікай доляй верагоднасьці можна казаць, што ад дэмакратаў будзе Гілары Клінтан. А ў рэспубліканцаў нічога няясна, і ўсе будзе рашацца толькі ў “супераўторак” 5 лютага”.
Цыганкоў: “Мяне ўразіла, як многія кандыдаты (ня толькі сярод дэмакратаў, але і рэспубліканцаў) выкарыстоўваюць лёзунг: “За перамены” ў той ці іншай інтэрпрэтацыі. Няўжо прага пераменаў настолькі запатрабавана амэрыканскім грамадзтвам?”
Сіліцкі: “Безумоўна, лёзунг: “За перамены” вельмі папулярны пры непапулярным прэзыдэнце. Майце на ўвазе, што гэта першыя выбары за столькі гадоў, у якіх ня ўдзельнічае Белы дом. Гэта дадае абсалютнай інтрыгі, бо няма відавочнага кандыдата.
Што да сапраўднасьці гэтага лёзунгу, то калі я гляджу на Гілары Клінтан, то мне хочацца наляпіць лёзунг: “За стабільнасьць”. Бо яе лёзунг – гэта: “Былі добрыя часы, калі мы з Білам кіравалі, і эканоміка расла, бясьпека была, ваяваць не ваявалі”. Фактычна Гілары ідзе як даволі кансэрватыўны кандыдат пад дэвізам: “Уперад, у мінулае”.
Цыганкоў: “Які кандыдат больш падыходзіць Беларусі? Хто лепш для афіцыйнай Беларусі, хто лепш для апазыцыйнай?”
Сіліцкі: “Акрамя Джона Маккэйна, які быў спонсарам шэрагу законапраектаў, што тычацца Беларусі, астатнія – на адным узроўні. Майце на ўвазе, што сэнатару Маккэйну калісьці адмовілі ў беларускай візе, што стварае даволі далікатную сытуацыю, калі ён раптам стане Прэзыдэнтам ЗША”.