5 сьнежня намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі і кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі, якое знаходзіцца ў Кіеве, Ён Боўг парафіравалі праект пагадненьня аб адкрыцьці офісу Эўракамісіі ў Менску. Наколькі істотным ёсьць гэты крок у беларуска-эўрапейскіх адносінах? Ці гатовы афіцыйны Менск на больш шчыльнае палітычнае супрацоўніцтва з Эўразьвязам? На гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў гутарыць з старшынём зарэгістраванага ў Польшчы Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігарам Ляльковым.
Цыганкоў: Ці азначае акт парафіраваньня праекту тое, што офіс Эўракамісіі ў Менску ўжо напэўна будзе адчынены? Калі так, то наколькі гэта істотны крок у беларуска-эўрапейскіх адносінах? Ці гэта проста фармальнасьць, якая пакуль нічога нам не гаворыць?
Што гэта азначае? Такі офіс – пераважна тэхнічны захад дзеля таго, каб Эўразьвяз мог непасрэдна знаёміцца з сытуацыяй на месцы. Беларускія ўлады будуць гэта выкарыстоўваць, каб паказаць, што час блякады і ізаляцыі праходзіць. У пэўным сэнсе гэта так, але гэта не настолькі значны крок, каб казаць, што самаізаляцыя, у якую сабе загнала Беларусь, заканчваецца.
Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка неаднаразова з рознымі адценьнямі выказваўся ў тым сэнсе, што Беларусь гатовая ісьці на самае шырокая супрацоўніцтва з Эўропай у эканамічнай і энэргетычнай сфэрах, але ня бачыць падставаў для прарываў у палітычным супрацоўніцтве. Ці можа Эўропа прыняць такія правілы гульні і не зьвяртаць вялікую ўвагу на палітычныя пытаньні? Дзеля чаго таго офіс Эўракамісіі, як не дзеля палітычных пытаньняў?
Лялькоў: У Эўропы, на жаль, фактычна няма адзінай зьнешняй палітыкі, таму казаць пра Эўропу агулам не заўсёды выпадае. Тут гуляюць розныя краіны, якія часам праводзяць адрозную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, і некаторыя зь іх могуць прыняць такія ўмовы, што актывізуецца супраца ў эканамічнай і энэргетычнай сфэры, але без палітычных праблемаў.
Што да функцыяў офісу Эўракамісіі, то асноўнай на сёньня будзе маніторынг сытуацыі ў Беларусі, інфармаваньне кіраўніцтва Эўразьвязу пра тое, што адбываецца ў краіне. Сёньня я ня бачу, каб гэтая місія была шырэйшая.