Бабруйск: “Такога вандалізму габрэйскія могілкі яшчэ ня ведалі”

Паводле БелаПАН 12 кастрычніка старшыня бабруйскай габрэйскай абшчыны Леанід Рубінштэйн зьвярнуўся зь лістом да мэра Бабруйску, у якім папрасіў дапамогі ў ахове габрэйскіх могілак. Прычынай звароту стаўся ўчынены на могілках днём раней акт вандалізму, паведамляе БелаПАН.
Як паведаміў Л.Рубінштэйн, былі апаганены 15 магілаў. Зламысьнікі павалілі помнікі і разьбілі некаторыя зь вялізных гранітных плітаў на тры часткі. "Я адчуў жах, калі ўбачыў, што зрабілі, — сказаў Л.Рубінштэйн. — Апрача таго, што некаторыя помнікі былі вырваныя разам з падмуркам, на абломках былі чалавечыя фэкаліі".

Старыя габрэйскія могілкі існуюць з 1921 году, але такога беспрэцэдэнтнага акту вандалізму, паводле слоў мясцовых габрэяў, яшчэ ня ведалі. "Былі і раней акты вандалізму, калі нязначна былі пашкоджаны пяць-шэсць магіл. Летам, напрыклад, на могілках злавілі мужчыну, які выкрадаў агароджы з нержавеючай сталі, — расказалі БелаПАН мясцовыя жахыры. — Але такога варварства не было ніколі”.

"Гэта я нават не магу з упэўненасцю назваць праявай антысэмітызму, — сказаў Л.Рубінштэйн. — Бо на мясцовых беларускіх могілках колькі часу таму былі такім жа чынам апаганены прыблізна 30 магіл. Хаця антысэміцкія праявы ў нас таксама бываюць. Напрыклад, аднойчы на браме гэтых жа могілак і на прыпынку побач зь ім была намаляваная свастыка і напісаны словы, якія ганьбяць габрэяў".

Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол, але габрэі не спадзяюцца, што зламысьнікі будуць знойдзены.

Нагадаем, што акт вандалізму быў нядаўна ўчынены таксама ў Курапатах.

Вандалізм на могілках становіцца праблемай нацыянальнага маштабу, 11.06.2007 Дзяржаўны вандалізм на старых могілках у Пінску, 16.03.2007