Лісты палітыкаў адносна прысуду А.Казуліну генпракуратуру не цікавяць

Алег Грузьдзіловіч, Менск Генэральная пракуратура Беларусі вярнула “без разгляду” лісты вядомых палітыкаў, якія зьвярталі ўвагу на незаконны, як яны лічаць, прысуд экс-кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну. Яны прасілі прыняць захады для перагляду ягонай справы.
Адказ генпракуратуры падпісаў начальнік адзьдзела падтрымкі дзяржаўнага абвінавачаньня Сяргей Целяжэвіч. Супрацоўнік пракуратуры спаслаўся на тое, што аўтары лістоў “не ўваходзяць у катэгорыю асобаў, якія могуць зьвяртацца аб пераглядзе справы”. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч.

У Генэральную пракуратуру зьвярталіся апазыцыйныя палітыкі Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Юры Хадыка, Анатоль Ляўковіч.

“Гэтыя звароты нават фармальна не разгледжаныя, што ёсьць парушэньнем закону. Любы грамадзянін можа дамагацца перагляду прысуду, як і інфармаваць пра злачынства”, -- пракамэнтаваў сытуацыю юрыст Ігар Рынкевіч.