Маладафронтаўцы застануцца на волі

Радыё Свабода Суд Савецкага раёну Менску сёньня прысудзіў актывісту “Маладога фронту” Зьмітру Хведаруку штраф памерам 1 мільён 240 тысячаў беларускіх рублёў ( 578 даляраў ЗША), яго паплечнікам Алегу Корбану, Аляксею Янушэўскаму і Барысу Гарэцкаму - па 930 тысячаў рублёў (433 даляры) кожнаму.
Актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка атрымала папярэджаньне.

Актывістаў прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Такім чынам актывісты “Маладога фронту” застануцца на свабодзе.

Прысутныя на месцы падзеі перад Савецкім судом замежныя дыпляматы ў інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтавалі прысуд маладафронтаўцам.

Амбасадар ЗША Карэн Сьцюарт выказала надзею, што ў хуткім часе могуць выйсьці на волю палітвязьні, у тым ліку лідэр ”Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Пасьля таго, як будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя, будзе магчымы дыялёг зь беларускімі ўладамі аб прывядзеньні беларускага заканадаўства ў адпаведнасьць нормам міжнароднага права, зазначыла сп-ня Сьцюарт.

Кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Оке Пэтэрсан заявіў, што артыкул 193 Крымінальнага кодэксу выкарыстоўваецца ўладамі як рычаг ціску выбарачна супраць асобных грамадзянаў.

Як будзе выконвацца прысуд у справе маладафронтаўцаў? Як патлумачыў вядомы адвакат Аляксандар Гарыеў, асуджаныя на працягу месяца пасьля ўступленьня прысуду ў законную моц павінны выплаціць суму накладзеных на іх штрафаў. Калі гэта ня будзе зроблена, суд можа накіраваць асуджаных на грамадзкія працы.

4 жніўня 2006 году былі абвешчаныя прысуды сябрам незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Як і актывісты “Маладога фронту”, яны былі абвінавачаныя паводле артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу “Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Аляксандар Шалайка і Эніра Браніцкая былі асуджаныя на 6 месяцаў пазбаўленьня волі, Цімафей Дранчук – на год калёніі агульнага рэжыму, Мікола Астрэйка – на два гады калёніі агульнага рэжыму. 15 верасьня 2006 году лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Дзьмітры Дашкевіч быў асуджаны паводле артыкулу 193-1 да 1 года і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. 10 траўня 2006 года актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч быў засуджаны да 2 гадоў абмежаваньня волі (так званай "хіміі") за палітычныя графіці.
• Прысуд маладафронтаўцам абвесьцяць заўтра”, 28.05.2007 • П.Севярынец: “Момантам ісьціны будзе суд над “Маладым фронтам”, 23.05.2007