КДБ папярэдзіў чалавека, які зьбіраўся ўзарваць помнік Арджанікідзэ

Алег Грузьдзіловіч, Менск КДБ Беларусі выкрыў і папярэдзіў актывіста дэмакратычнага руху з Барысава, які нібыта плянаваў узарваць помнік Арджанікідзэ ў цэнтры гораду. У лягеры дэмакратаў сумняюцца, што прызнаньне было шчырым, і зьвязваюць яго з прапагандысцкай кампаніяй напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”. Перадае Алег Грузьдзіловіч
Жыхар Барысава Аляксандар Малчанаў нібыта рыхтаваўся ўзарваць помнік камуністычнаму дзеячу Сэрго Арджанікідзэ, які стаіць у цэнтры Барысава.

Пра гэта паведаміла беларускае тэлебачаньне са спасылкай на КДБ Беларусі. Паводле зьвестак КДБ, Аляксандар Малчанаў нібыта кантактаваў зь незарэгістраванай арганізацыяй “Зубар” і раней яго ўжо затрымлівалі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Сьледчыя КДБ папярэдзілі актывіста пра адказнасьць паводле артыкулу аб тэрарызьме. Пра гэта склалі пратакол, які далучаць да крымінальнай справы, калі Малчанаў ня спыніць падобнай дзейнасьці, паведамілі ў КДБ.

Мне не ўдалося знайсьці Аляксандра Малчанава, каб атрымаць ягоны камэнтар да зьвестак КДБ пра рыхтаваны падрыў помніка.

Некалькі актывістаў дэмакратычнага руху ў Барысаве, мясцовы журналіст і праваабаронца пра такога чалавека нічога ня чулі.

Аляксандра Малчанава згадаў толькі актывіст Андрэй Бабіцкі — але ён сказаў, што “той ужо некалькі гадоў ні ў чым ня ўдзельнічае”.

Аповед пра прызнаньне Малчанава, які плянаваў падрыў помніка Арджанікідзэ, насьмяшыў Бабіцкага:

“Проста я ведаю гэтага хлопца і ня веру, што ён мог такое зрабіць”.

“Але ж яго паказалі ў сюжэце, ён сядзеў у кабінэце сьледчага і ўсё прызнаваў”.

“Ну вы ж ведаеце, як у нас прызнаюцца ў кабінэце сьледчага”, — кажа барысаўскі актывіст Андрэй Бабіцкі.

Ці сапраўды Аляксандар Малчанаў удзельнічаў у дэмакратычным руху? Праваабаронцы пацьвердзілі, што ў 2005 годзе яго затрымлівала міліцыя за ўдзел у зборы подпісаў за вызваленьне палітвязьня Міхаіла Марыніча.

Але што да незарэгістраванай арганізацыі “Зубар”, былыя актывісты гэтай арганізацыі не згадалі пра ўдзел Аляксандра Малчанава з Барысава.

“Мяркую, гэта робіцца дзеля таго, каб запалохаць моладзь, і асабліва бацькоў, каб яны не пусьцілі сваіх дзяцей на “Чарнобыльскі шлях”, — кажа былая актывістка Ірына Тоўсьцік.

У цэнтры інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі пацьвердзілі зьвесткі пра тое, што былы актывіст рыхтаваў падрыў помніка Арджанікідзэ. Але там не пракамэнтавалі меркаваньня, што такія зьвесткі наўмысна распаўсюджаныя напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”.