Як ідзе падрыхтоўка да 25 сакавіка? (абноўлены)

Алесь Дашчынскі, Менск Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі зьвярнуліся да беларускага ўраду. Яны заклікаюць у якасьці кроку да нацыянальнага адзінства абвясьціць 25 Сакавіка – Дзень Волі – нацыянальным сьвятам. Зварот заклікае да дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй. Падпісалі яго некалькі дзесяткаў вядомых дзеячоў навукі, культуры і мастацтва, сярод якіх Ніл Гілевіч, Станіслаў Багданкевіч, Валянцін Акудовіч, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў, Андрэй Хадановіч, Валеры Мазынскі, Максім Жбанкоў, Сяргей Харэўскі, Артур Клінаў, ды іншыя.
Інтэлігенцыя: 25 сакавіка павінна аб''яднаць нацыю

"Беларусь перажывае пераломны этап свайго разьвіцьця. Сёлета спаўняецца 16 гадоў аднаўленьня яе дзяржаўнай незалежнасьці. Аднак на парозе паўналецьця Рэспублікі Беларусь нацыя застаецца расколатай. Мільёны суайчыньнікаў па‑ранейшаму не адчуваюць духоўнай сувязі зь беларускай дзяржаўнасьцю. Палітычнае супрацьстаяньне грамадзянаў закладае міну запаволенага дзеяньня пад дзяржаватворчыя высілкі", пішуць аўтары звароту. "Выклікі сучаснага свету – энэргетычныя, дэмаграфічныя, экалягічныя, гуманітарныя – наўпрост тычацца і Беларусі. І даць годны адказ гэтым выклікам можа толькі адзіная нацыя". Сымбалем нацыянальнага адзінства, на думку аўтараў звароту, павінен стацца менавіта Дзень Волі 25 сакавіка.

Дэкляратыўна падтрымліваюць усе

У сеціве адчынены адмысловы сайт 25.svaboda.info. Акрамя ўлётак, тут заклік да менчукоў пасяліць у сябе грамадзянаў, якія прыедуць на сьвяткаваньне з рэгіёнаў. Паводле сябра аргкамітэту, намесьніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, праз інтэрнэт ужо выказалася аб удзеле ў мітынгу каля 8 тысяч чалавек. У Менску зьявіліся ўлёткі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Аднак ня ўсе суб’екты кааліцыі актыўна падключыліся да падрыхтоўкі, кажа Віктар Івашкевіч.

“Праблема ня ў тым, што хтосьці вырабіў такую налепку, а хтосьці другую. А праблема ў тым, што вырабляюць толькі два суб’екты – гэта БНФ і Мілінкевіч. А ўсе астатнія кажуць, што ў іх няма магчымасьці на гэта. А дэкляратыўна ўсе падтрымліваюць, за выключэньнем камуністаў”.

ПКБ не сьвяткуе, АГП рыхтуе свае матэрыялы

Актывіст Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Вазьняк заявіў, што партыйцы могуць браць удзел у акцыі. Але ПКБ не ўвыйшла ў аргкамітэт, бо вядзе адлік дзяржаўнасьці краіны ад БССР. Да прыкладу, АГП, якая ўваходзіць у склад аргкамітэту, адмовілася распаўсюджваць вялікі наклад гатовых улётак. Намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык сказаў:

“Мы робім свае інфармацыйныя матэрыялы, мы робім два выпускі газэт. Яны будуць вось-вось. Ну, там будуць заклікі на плошчу 25-га. Таму гэта з гэтага сыходзіць”.

Івашкевіч: “Тут не стаіць пытаньне нейкай рэвалюцыі”

Улады пакуль не далі дазволу на правядзеньне акцыі. Ужо ёсьць першы прыклад канфіскацыі ў Менску супрацоўнікамі міліцыі і КДБ 200 тысячаў улётак. Наўрад ці ўлады адразу зробяць 25-е дзяржаўным сьвятам, кажа Віктар Івашкевіч:

“Тое, што плошча ня будзе ачэплена і што ня будзе разгону і хапуна ў гэты дзень – гэта вельмі і вельмі верагодна. Паколькі тут не стаіць пытаньне нейкай рэвалюцыі, адстойваньня вынікаў выбараў, а людзі зьбяруцца, выкажуць свае пазыцыі і пойдуць па хатах. Вось на фоне гэтых зваротаў аб дыялёгу, улады, хутчэй за ўсё, ня пойдуць на сілавыя варыянты”.

Мілінкевіч запрасіў 200 эўрапейскіх палітыкаў

Аляксандар Мілінкевіч даслаў каля 200 запрашэньняў эўрапейскім палітыкам, парлямэнтарам прыехаць у Менск на дзень Волі. Такія запрашэньні, да прыкладу, накіраваны Леху Валэнсе, Вацлаву Гавалу, кіраўнікам фракцый Эўрапарлямэнту, кажа палітоляг Алесь Лагвінец:

“Гэта ідзе ў працягу звароту да спадара Ван дэр Ліндэна, калі спадар Мілінкевіч прапанаваў яму прыехаць у Беларусь і самому пераканацца наколькі ўлада хоча дыялёгу ўнутры грамадзтва. Учора, дарэчы, ужо быў адказ віцэ-старшыні Эўрапейскага парлямэнту Марыё Маўра, які выказаў сваё жаданьне завітаць у Беларусь”.

Ва ўлётках да 25 сакавіка зьмешчана патрабаваньне да кіраўніцтва Беларусі выканаць умовы Эўрапейскага зьвязу. Сярод іх найпершыя – вызваленьне палітычных вязьняў, забесьпячэньне свабоды слова і маніфэстацый.

Гл. таксама:

Поўны тэкст звароту прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі да ўраду на сайце "Нашай Нівы"