“Наша слова”: ТБМ вядзе перамовы зь міністэрствамі

Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 6 лютага.
Сёньня газэта “Наша слова” паведамляе пра рашэньні Рады Таварыства беларускай мовы. Друкуецца плян працы грамадзкай арганізацыі ў 2007 годзе, пастанова аб сьвяткаваньні 450-х угодкаў з дня нараджэньня Льва Сапегі, заява ў падтрымку часопісу “Роднае слова”.

Таксама тыднёвік “Наша слова” інфармуе чытачоў пра перамовы ТБМ зь міністэрствамі адукацыі і інфармацыі. Слова рэдактару выданьня Станіславу Судніку:

Суднік: “Міністэрства адукацыі адбіваецца, каб беларускую мову не вывучалі студэнты ўнівэрсытэтаў. Але адбівацца ведамству ўсё цяжэй і цяжэй. Мажліва, “дадушым”. А Міністэрства інфармацыі адбіваецца, каб не выдаваць беларускія календары да 125-годзьдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы”.

На Магілёўшчыне са сьпісу базавых гаспадарак выкінуты былы калгас “ХХІІ зьезд КПСС”. Паведамленьне пра гэта ў газэце “Вольны горад” суправаджае колішні здымак кіраўніцы ўправы прэзыдэнта Галіны Жураўковай і мясцовага старшыні Мікалая Супранецкага. Журналіст Сяргей Няроўны лічыць, што ўлада падтрымлівала ліпавых перадавікоў:

Няроўны: “Калі 60 гадоў споўнілася Супранецкаму, яго адправілі на пэнсію. А літаральна празь месяц кантроль накапаў там столькі ўсяго! У тым ліку прыпісак: збожжа 1500 тон, сіласу і сенажу – 8 000 тон, 100 тон малака”.

Упершыню ў нашым аглядзе сёньня незалежнае выданьне “Ўзгорак”, якое ў горадзе Горкі рэдагуе Эдуард Брокараў:

Брокараў: “Нягледзячы на тое, што больш жорсткімі сталі пакараньні за п’янства за рулём, за апошні тыдзень у Горках было затрымана 8 чалавек, а год таму – 5. Атрымліваецца, чым больш жорсткія пакараньні, тым чамусьці больш п’юць за рулём”.

Эдуард Брокараў таксама паведаміў, што ад пачатку году шафёрскія правы страцілі ўжо больш як 20 тамтэйшых жыхароў.