С.Гумінскі: "Веру, што міліцыя хутка стане на наш бок."

Вольга Караткевіч, Прага Госьць Начной Свабоды -- 18-гадовы моладзевы актывіст з Воршы Сяргей Гумінскі, якога абвінавацілі ў датычнасьці да палітычнага графіці. У часе допыту ў мясцовым пастарунку мліцыянты яго зьбілі, патрабавалі гаварыць па-расейску. Супраць Сяржука была заведзеная крымінальная справа, але пасьля зачыненая.
Гумінскі: “Справу пачалі 24 сьнежня, прыйшлі міліцыянты ў маю кватэру і заявілі, што я падобны на чалавека, які ўдзельнічаў у нейкай бойцы. Пасьля гэтага мяне прывезьлі ў мясцовы ГАЎС, і там паведамілі, што да бойцы я ня маю ніякага дачыненьня, але абвінавацілі, што я маляваў графіці.

Я, шчыра кажучы, моцна спалохаўся і нават –сорамна прызнаць – хаваўся у сяброў у кватэрах у іншых гарадах. Але потым вярнуўся ў Воршу, і якраз калі я знаходзіўся ў Воршы ў аднаго з сябраў, туды прыйшлі міліцыянты – нібыта высьвятліць асобы. Калі я сказаў, што я Сяржук Гумінскі, мяне павезьлі ў мясцовы ГАЎС. Там я прасядзеў у камэры хвілін 40, і мяне прывялі ў кабінэт 313, дзе быў капітан міліцыі Ларыёнаў. Ён прымушаў, каб я размаўляў па-расейску”.

Караткевіч: “Якая ў яго была матывацыя?”

Гумінскі: “У большасьці міліцыянтаў зараз такая думка, што калі чалавек размаўляе па-беларуску, гэта значыць, у ім ня ўсё згублена, то ён будзе змагацца за дэмакратыю і незалежнасьць. Хаця ня ўсе міліцыянты такія. Падчас Дня правоў чалавека, калі мяне забралі на плошчы Каліноўскага ў Менску, да мяне падышоў АМАПавец, і папрасіў прабачэньня за тое, што ён мяне затрымліваў. Я нават сам ня ведаў, што менавіта ён мяне саджаў у аўтазак. Гэты міліцыянт папрасіў прабачэньня і казаў, што ў яго такая праца”.

Караткевіч: “Такім чынам, вы ў пастарунку працягвалі гаварыць па-беларуску. І з вамі абыходзіліся вельмі брутальна...”

Гумінскі: “..Але абыходзіліся са мной вельмі брутальна, пачалі мяне біць. Я да апошняга імкнуўся заставацца спакойным, адстойваў свае правы. Казаў ім, каб складалі пратакол, бо я не хачу сядзець тут больш за тры гадзіны. Яны адказвалі, што так будзе працягвацца ўсю ноч. Я патрабаваў адваката. Яны адказвалі, што гэта Беларусь, а не Эўропа, і я тут ня маю амаль ніякіх правоў. Калі мяне чарговы раз зьбілі, я ім сказаў, што яны могуць запрасіць сабе запрасіць перакладчыка, але я буду далей размаўляць па-беларуску. Бо я лічу сябе сапраўдным патрыётам. Зьбівалі мяне разоў сем, але я гэта вытрымаў".

Караткевіч: "Як вы даведаліся, што спынілі крымінальную справу? Нешта прынёс вам прабачэньні?”

Гумінскі: “Ніхто не прабачаўся, вядома. Недзе за тыдзень да спыненьня крымінальнай справы ў мяне прайшла “вочная стаўка” з тым капітанам Ларыёнавым, які мяне зьбіваў. Ён да апошняга сьцьвярджаў, што я лаяўся нецэнзурна, хаця на судзе казаў, што я матам ня лаяўся, пасьля казаў, нібыта я пагражаў, што кінуся на шкляную тумбу, каб парэзацца і гэта сьпіхнуць на іх. Ён, відаць, быў перакананы, што справу не спыняць і што я дарма накіраваў скаргу ў Пракуратуру.

Беларускім міліцыянтам я б перадаў больш дабрыні, чалавечнасьці, каб яны вучылі беларускую мову, больш беларускасьці. Міліцыянты часам любяць спасылацца на “Закон аб міліцыі”, які дае ім пэўныя правы. Але многія яго ня ведаюць. Нават калі я быў у лякарні, каб засьведчыць пабоі, прыйшоў міліцыянт, які мяне зьбіваў – ён хаваў сваё прозьвішча і заявіў, што ніякага такога закону ня ведае. З такімі выпадкамі я сустракаўся часта, калі ня ведаюць закон”.

Караткевіч: “Сяржук, вам 18 гадоў. Як вы прыйшлі ў дэмакратычны моладзевы рух?”

Гумінскі: “Даволі выпадкова. У нас у тэхнікуме быў прадмет “Асновы сацыяльных і гуманітарных навук”. Настаўніца за некалькі тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў дала тэму, каб мы зрабілі даклад па палітычных партыях. Я пайшоў у Інтэрнэт, убачыў там аб’яву, што 18 сакавіка адбудзецца сустрэча з Мілінкевічам і канцэрт беларускіх рок-гуртоў. Я прыйшоў туды і ўбачыў іншы бок жыцьця... Потым пасьля намётавага мястэчка я вельмі шмат сачыў за рухамі... "Зубр", "Малады фронт"... "Зубр" мне вельмі падабаўся, але я зусім нядаўна я вырашыў далучыцца да “Маладога фронту”. У іх ёсьць ідэя",

Караткевіч: “Я ведаю, што вы хочаце стаць палітолягам. Таму вам такое пытаньне – як вы ставіцеся да дзеяньняў “дарослай” апазыцыі?”

Гумінскі: “Праца кожнага яга падзяляецца. У нас розныя накірунку дзейнасьці, але мэта адна. Да апазыцыі я стаўлюся нармальна, але апошнім часам маё стаўленьне зьмянілася, я трохі пакрыўдзіўся пасьля таго, як вырашылі правесьці Другі Кангрэс. Я зьяўляюся прыхільнікам Аляксандра Мілінкевіча, і будзе крыўдна, калі выбяруць іншага -- то ўся праца на Мілінкевіча куды пойдзе? Абярэм новага лідэра, праца спынецца... Я крыху пакрыўдзіўся на іх”

Караткевіч: “Каго з беларускіх палітыкаў вы лічыце галоўнымі для гісторыі Беларусі?”

Гумінскі: “Тадэвуш Касьцюшка, Кастусь Каліноўскі і Зянон Станіслававіч Пазьняк”.

Караткевіч: “У што вы верыце?”

Гумінскі: “Веру, што хутка Беларусь хутка даможацца незалежнасьці, стане на сапраўдны шлях дэмакратычнай эўрапейскай краіны, бо яна - эўрапейская краіна. Веру, што хутка міліцыя пяройдзе на наш бок, бо безь яе мы мала чаго можам зрабіць”.