Расея перад магчымымі перамовамі ў Стамбуле атакавала Ўкраіну 110 бесьпілётнікамі

Мабільныя групы супрацьпаветранай абароны адбіваюць начны напад расейскіх бесьпілётнікаў тыпу «Шахед» у Херсоне. Архіўнае фота

У ноч на 15 траўня расейская армія атакавала Ўкраіну з выкарыстаньнем 110 ударных БПЛА тыпу «Шахед» і бесьпілётнікаў-сымулятараў розных тыпаў.

Удары па Ўкраіне нанесьлі з боку расейскіх гарадоў Бранску, Курску, Арла і Мілерава, паведамілі ў Паветраных сілах Узброеных сіл Украіны.

«На 08:00 пацьверджана, што на ўсходзе, поўначы, захадзе і ў цэнтры краіны былі зьбітыя 62 ударныя бесьпілётнікі Shahed (і іншыя тыпы бесьпілётнікаў). 29 варожых бесьпілётнікаў-сымулятараў страчаныя ў месцах дзеяньня (без нэгатыўных наступстваў)», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле зьвестак украінскіх вайскоўцаў, ад нападу пацярпелі Сумская, Днепрапятроўская, Палтаўская, Кіеўская і Івана-Франкоўская вобласьці.

Інфармацыі на гэты конт з расейскага боку няма.

Расейскія войскі працягваюць наносіць удары па Ўкраіне, нягледзячы на магчымыя ўкраінска-расейскія перамовы, заплянаваныя ў Стамбуле на 15 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць ад прапанаваных перамоваў у Стамбуле аб вайне Расеі супраць Украіны. Аналіз Свабоды
  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
  • У ААН змаглі пацьвердзіць, што з пачатку году ва Ўкраіне загінулі 413 цывільных асобаў, а больш за 2000 параненыя. У першыя тры месяцы 2025 году ахвяраў пабольшала на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ў Вербную нядзелю атакавала ракетамі цэнтар Сумаў: больш за 30 загінулых і звыш сотні пацярпелых