Тры беларускія дызайнэркі паказалі калекцыі ў Брусэлі. ФОТА

Ілюстрацыйнае фота

Можны паказ быў прымеркаваны старшыняваньню, якое ў Эўразьвязе ў гэты час пераймае Польшча.

У Брусэлі 12 траўня адбыўся модны паказ East Bound, у якім узялі ўдзел і беларускія дызайнэркі: KANVA, Таша Кацуба і Кацярына Несьцяровіч.

Марка KANVA, за якую адказвае Наста Васючэнка, паўстала ў Менску ў 2018 годзе, ад 2022 году модны брэнд разьвіваецца ўжо ў Варшаве. Мэта стваральніцы — перанесьці беларускія матывы, навеяныя фальклорам, на глябальны подыюм. Сярод іншага, у калекцыі KANVA ёсьць завушніцы з матывамі «павукоў» — беларускіх саламяных вырабаў.

Марка Kanva

Таша Кацуба прэзэнтуе сваю калекцыю як мяжу моды з мастацтвам. Яна паходзіць з Палесься. Яна ўжо ўзяла ўдзел у 30 розных зборных выставах, а таксама паказала 6 аўтарскіх праектаў у Беларусі, Літве, Польшчы, Швэцыі і Францыі. Акрамя строяў, яна стварае маскі і лёгкую зброю. Апошняе — мастацкі адказ Ташы на падзеі на радзіме, у Беларусі.

У 2021 годзе яна заснавала ў Польшчы свой брэнд адзеньня.

Творчасьць Ташы Кацубы

Кацярына Несьцяровіч адзначае, што гісторыя ейнай маркі Froufrou and Loukoum пайшла ад дзеда, які быў краўцом. Менавіта ад яго яна натхнілася займацца дызайнам і стала мадэльеркай.

У Беларусі яна стварала адзеньне з вінтажных тканінаў, перадусім савецкай бавоўны і штроксу. Пасьля вымушанай эміграцыі ў Польшчу, Несьцяровіч стала чэрпаць натхненьне ў рэлігійных матывах, працаваць зь вінтажнай тканінай іншых відаў і шыць касьцюмы для музыкаў, паэтаў. Яе работы разьлічаныя на міжнародную супольнасьць.

Мода ад Кацярыны Несьцяровіч


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наташа, Ганна Эйсмант, Баскаў — пры сваіх кармушках». Вялікая размова зь сястрой Рамана Бандарэнкі Вольгай


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гадзіньнік ад беларускага брэнду Hvilina атрымаў прэстыжную эўрапейскую прэмію ў галіне дызайну