Пра гэта заявіў 13 траўня прэс-сакратар расейскага кіраўніка Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.
На пытаньне, хто будзе прадстаўляць Расею на перамовах, Пяскоў адказаў, што Крэмль абвесьціць склад расейскай дэлегацыі, як толькі прэзыдэнт Пуцін палічыць гэта неабходным.
Пуцін прапанаваў правесьці перамовы ў Стамбуле 15 траўня пасьля прапановы Ўкраіны, якую падтрымалі ЭЗ і ЗША, аб 30-дзённым спыненьні агню.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адказаў, што прыедзе ў Турэччыну, але толькі для асабістай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў Расею і Ўкраіну да прамых перамоваў, адзначыўшы, што не выключае магчымасьці самастойнага прылёту ў Стамбул. Трамп цяпер знаходзіцца ў туры па Блізкім Усходзе.
Агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы 13 траўня напісала, што краіны ЭЗ пагадзіліся пачакаць з новымі санкцыямі супраць Расеі, пакуль не будзе яснасьці ў перамовах.
Тым часам кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак 13 траўня падчас анлайн-удзелу ў пасяджэньні Капэнгагенскага саміту па дэмакратыі заявіў, што калі Пуцін адмовіцца прыехаць у Турэччыну, «гэта будзе апошні сыгнал таго, што Расея ня хоча спыняць гэтую вайну, што Расея не хоча і не гатовая да ніякіх перамоваў».
Паводле слоў Ярмака, калі Расея адмовіцца ад перамоваў, павінна быць «моцная рэакцыя ЗША і ўсяго сьвету»: новыя санкцыі супраць Расеі і павелічэньне вайсковай дапамогі Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп ня выключыў, што далучыцца да стамбульскіх перамоваў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне