Жэрар Дэпардзьё віну адмаўляе.
Абвінавачаньне таксама заклікала суд абавязаць Дэпардзьё атрымаць псыхалягічную дапамогу, пакрыць маральную шкоду ахвярам і зарэгістравацца ў рэестры сэксуальных злачынцаў, перадае Le Figaro.
Абвінавачаньні супраць Дэпардзьё зьвязаныя са здымкамі фільму «Зялёныя аканіцы» ў 2021 годзе. Адна з пацярпелых, мастацкі дырэктар карціны, заяўляе, што актор хапаў яе за талію, жывот і грудзі. Другая, памочніца рэжысэра, паскардзілася на няпрошаныя дотыкі да грудзей і ягадзіц.
Гэта першая справа супраць Дэпардзьё, якая дайшла да суду, хоць каля 20 жанчын абвінавачвалі яго ў непрыстойных паводзінах.
Раней пазоўніца — мастацкі дырэктар Амэлі К., якая выступала ў судзе пасьля Дэпардзьё, — заявіла, што актор дакранаўся да яе цела, заціснуўшы яе паміж сваіх ног падчас здымак фільму ў 2021 годзе. Паралельна ён рабіў адкрытыя рэмаркі сэксуальнага характару.
Дэпардзьё адмаўляе, што гэта было гвалтам, і кажа, што ўсе грубыя камэнтары, якія ён рабіў, былі зьвязаныя зь ягоным дрэнным настроем.
«Я схапіў яе за сьцёгны, каб не пасьлізнуцца, бо быў засмучаны празь яе, сьпякоту, гэта была пятніца, бліжэй да канца здымак, я вельмі стаміўся», — заявіў раней на судзе сам Дэпардзьё.
«Я не разумею, навошта мне лапаць жанчыну», — сказаў ён суду, дадаўшы, што ў той час у яго была такая збыткоўная вага, што некаторыя рэчы, у якіх яго абвінавачваюць — напрыклад, заціснуць Амэлі К. паміж ног, — ён проста ня мог зрабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я схапіў яе за сьцёгны, каб не пасьлізнуцца», — Дэпардзьё на працэсе па абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце- Зорка францускага кіно Дэпардзьё, якому зараз 76 гадоў, апошнімі гадамі сутыкаецца з штораз часьцейшымі абвінавачаньнямі у сэксуальным гвалце.
- Судовы працэс над ім падзяліў францускіх актораў. Адны ўсталі на яго бок і, як чакаецца, выступяць на судзе, іншыя падтрымалі пазоўнікаў.
- У панядзелак ля будынку парыскага суду сабраліся некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў, многія зь якіх трымалі плякаты ў падтрымку ахвяраў сэксуальнага гвалту і скандавалі фэмінісцкія лёзунгі.
- Дэпардзьё ўсе правапарушэньні пасьлядоўна адмаўляў, у тым ліку ў адкрытым лісьце, апублікаваным у францускай газэце Le Figaro у 2023 годзе.
- «Зрабіць шкоду жанчыне было б усё роўна, што штурхануць маю маці ў жывот», — напісаў тады актор.