У Берасьці камплектуюць тэрытарыяльныя войскі, абвясьцілі вучэбныя зборы запасьнікоў

Вароты вайсковага камісарыяту ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Навучальныя зборы з «вайсковаабавязанымі, прызначанымі для камплектаваньня тэрытарыяльных войскаў» Берасьцейскага раёну, пачынаюцца 13 траўня.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

У рамках збору плянуецца прыняць вайсковаабавязаных, «усебакова забясьпечыць» і падрыхтаваць да «выкананьня задач тэрытарыяльнай абароны». У сваю чаргу, як заяўлена, камандаваму складу тэрытарыяльных войскаў «трэба аднавіць навыкі кіраваньня падначаленымі».

«Асноўная ўвага будзе засяроджаная на практыкаваньні ў задачах тэрытарыяльнай абароны ўзмоцненых падразьдзелаў тэрытарыяльных войскаў сумесна з вайсковымі часткамі Ўзброеных сілаў, у тым ліку з ужываньнем сродкаў актыўнага і пасіўнага процідзеяньня бесьпілётным лётным апаратам», — гаворыцца ў паведамленьні.

25 сакавіка — 18 красавіка зборы тэрытарыяльных войскаў праходзілі ў Горадзенскай вобласьці.

Трэці месяц запар улады Беларусі правяраюць баявую гатоўнасьць войска. Першая праверка была абвешчаная 3 лютага. Фактычна без дакладнага завяршэньня першай пачалася другая — 24 сакавіка.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сілаў, які склікаецца ў пэрыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай сытуацыі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асобаў, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністар абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Менскага гарадзкога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 году ў Гомлі заявіў, што тэрытарыяльная абарона «з сыстэмы, якая забясьпечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую».

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы на фоне абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народных апалчэнцаў» пад Горадняй з удзелам артылерыі вучаць змагацца з дывэрсантамі