Правам аказаньня рыэлтарскіх паслуг будуць валодаць толькі рыэлтары, якія ўваходзяць у Палату рыэлтараў і якія маюць пасьведчаньне аб атэстацыі, перадае «Позірк».
Паводле закону, зьявіцца Палата рыэлтараў, а пасада «агент па апэрацыях зь нерухомасьцю» зьнікне.
Аказваць рыэлтарскі паслугі змогуць цяпер толькі рыэлтары, якія ўваходзяць у Палату і маюць пасьведчаньне аб атэстацыі.
Рыэлтарам можна будзе стаць прасьцей. Цяпер ад іх не патрабуюць профільнай адукацыі. Дастаткова вышэйшай і заканчэньня навучальных курсаў з пасьпяхова здадзеным іспытам.
Дагэтуль спэцыялістамі ў рыэлтарскай дзейнасьці былі і рыэлтары, і агенты. Першыя маглі выконваць усе паслугі зь нерухомасьцю, другія — толькі некаторыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя ў Беларусі за тры месяцы перасягнула гадавы прагноз, у лідэрах — прадукты харчаваньняЛетась намесьнік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў наракаў, што ўгоды зь нерухомасьцю часта суправаджаюць менавіта агенты, якія «ігнаруюць нормы заканадаўства аб абмежаваньні сваіх паўнамоцтваў толькі асобнымі функцыямі», «не валодаюць ведамі ў поўнай меры і даюць некампэтэнтныя тлумачэньні спажыўцам».
Агенты, паводле яго слоў, таксама «выкарыстоўваюць практыку прымусу да аплаты рыэлтарскіх паслуг, што істотна ўплывае на імідж агенцтваў і зьніжае ўзровень даверу насельніцтва да гэтага інстытуту». Ён лічыў, што «ня маючы пасьведчаньня, якое можа быць анулявана, такія агенты парушаюць заканадаўства, але асабліва нічога не губляюць».
Закон «Аб рыэлтарскай дзейнасьці» падпісаў 12 траўня Аляксандар Лукашэнка, паведаміла ягоная прэс-служба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыэлтарка плакала ў слухаўку». Як улады адмяняюць угоды па продажы нерухомасьці палітычных уцекачоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарагія грошы. Чаму ў Беларусі даражэюць крэдыты на жыльлё і аўтамабілі