Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) афіцыйна прызнала Расею адказнай за катастрофу рэйса MH17 у небе над Данбасам у 2014 годзе.
Паводле Рады ICAO, дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі парушылі Чыкагскую канвэнцыю аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі, а менавіта яе палажэньне аб забароне ўжываньня зброі супраць грамадзянскіх паветраных суднаў у палёце.
Рада пагадзілася з тым, што прэтэнзіі, пададзеныя ў ICAO Аўстраліяй і Нідэрляндамі ў выніку зьбіцьця авіялайнэра, былі «абгрунтаванымі фактычна і юрыдычна».
ICAO дадала, што гэта першы выпадак у яе гісторыі, калі рада прыняла рашэньне па сутнасьці спрэчкі паміж дзяржавамі-чальцамі.
Скаргу супраць Расеі ў ICAO падалі ў сакавіку 2022 года Аўстралія і Нідэрлянды, грамадзяне якіх склалі большасьць загінулых у авіякатастрофе. У чэрвені 2024 года Расея абвясьціла, што спыніць удзел у скарзе, бо не прызнае юрысдыкцыю ICAO ў гэтым пытаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Споўнілася 10 гадоў, як прарасейскія сэпаратысты ва Ўкраіне зьбілі малайзійскі «Боінг». Як гэта былоМіжнародная сьледчая група, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі Аўстраліі, Бэльгіі, Малайзіі, Нідэрляндаў і Ўкраіны, прыйшла да высновы, што самалёт быў зьбіты прарасейскімі баевікамі з дапамогай сыстэмы СПА «Бук», якая была імпартаваная з Расеі незадоўга да гэтага. У лістападзе 2022 года суд у Нідэрляндах завочна засудзіў былога «міністра абароны» групоўкі «ДНР» Ігара Гіркіна (псэўданім Стралкоў) і яшчэ двух чалавек да пажыцьцёвага зьняволеньня па абвінавачваньні ў наўмысным зьнішчэньні самалёта і загадзя сплянаваным забойстве. Яшчэ адзін фігурант справы быў апраўданы.
У ліпені 2014 года над Данбасам быў зьбіты Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines. У выніку загінулі 298 чалавек; Гэтая авіякатастрофа ўваходзіць у дзясятку самых сьмяротных у гісторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем’і загінулых пры крушэньні рэйсу MH17 зьвярнуліся па дапамогу да Трампа і фон дэр Ляен