Ужо сёньня: 120 гадоў з дня нараджэньня акторкі Стэфаніі Станюты

Стэфанія Станюта

Падзеі 13 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1981 — адбыўся замах на папу Рымскага Яна Паўла II, учынены турэцкім тэрарыстам Мэхмэтам Алі Агджа. Папа акрыяў, але ад таго часу ўва ўсіх сваіх паездках Ян Павал і яго наступнікі сталі карыстацца панцырным «папамабілем» адмысловай канструкцыі.

2005 — ва ўзбэцкім Андыжане пры ўзброенай маніфэстацыі былі забітыя ад некалькіх сотняў да тысячы мітынгоўцаў.

У гэты дзень нарадзіліся

1624Аляксандар Сапега, віленскі біскуп.

1680Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1840Тытус Далеўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага. Нікім больш пабыць не пасьпеў, бо толькі скончыў унівэрсытэт і быў расстраляны ў Вільні, калі меў усяго 23 гады.

1875 Станіслаў Жукоўскі, польскі і расейскі мастак беларускага паходжаньня.

Станіслаў Жукоўскі, «Восень над Нёманам» (1931)

1876Станіслаў Гайдукевіч, менскі архітэктар, ахвяра сталінізму.

1879Янка Серада, палітык, першы старшыня Рады БНР, ахвяра сталінізму.

1894 Іван Ермачэнка, беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Вайсковец і дыплямат у часы БНР, у апошнюю вайну старшыня Беларускай народнай самапомачы, дзяяч эміграцыі ў ЗША.

1895Уладзіслаў Паўлюкоўскі, беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак. Вязень ГУЛАГу.

1905 Стэфанія Станюта, акторка, артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Народная артыстка Беларусі (1957), народная артыстка СССР (1988), ляўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасіла, каб не жартаваў на палітычныя тэмы». Стэфанію Станюту ўспамінае яе ўнук Дзьмітры

1933 Аляксандар Кішчанка, беларускі мастак.

Будынкі з мазаічнымі пано ў менскім раёне Ўсход. Аўтар — народны мастак Беларусі Аляксандар Кішчанка

1941 Анатоль Сербантовіч, беларускі паэт. Аўтар зборнікаў паэзіі «Азбука», «Міннае поле», «Пярсьцёнак», «Жаваранак у зэніце». Акрамя вершаў, пісаў творы для дзяцей, прозу, крытычныя артыкулы, займаўся перакладамі.

Анатоль Сербантовіч. «Метеориты — словно люди...», «Год войны. Измученные лица...». Пераклад на расейскую мову Рыгора Остэра. Аўтограф перакладчыка з праўкамі аўтара (БДАМЛМ. Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 123, арк. 8 адв.).

1986 Аляксандар Рыбак, нарвэскі музыка беларускага паходжаньня, пераможца конкурсу «Эўравізія-2009».


У памяці

1802Ян Гедройць, рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1916 Шолам Алейхем, габрэйскі пісьменьнік, драматург і асьветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш, у тым ліку дзіцячай. Сапраўднае імя — Шолам Рабіновіч.

1930 Фрыт’ёф Нансэн, нарвэскі палярны дасьледнік, які першы перасек Грэнляндыю на іртах, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1922 году.

1990 — у Вільні згарэла „Лясная хатка“ Зоські Верас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто спаліў «Лясную хатку»? Да 130-х угодкаў Зоські Верас