Колькасьць беларусаў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў за апошнія тры гады, вырасла ледзь не на траціну

Ілюстрацыйнае фота

Агулам у краіне каля 16 тысяч сіротаў і пакінутых без апекі бацькоў.

Лічбу пра 16 тысяч дзяцей-сіротаў і пакінутых без бацькоўскай апекі назвала на прэс-канфэрэнцыі 12 траўня ў Менску галоўная спэцыялістка ўпраўленьня сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалягічнай працы Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч.

З гэтых дзяцей на выхаваньні ў замяшчальных сем’ях (апякунскія, прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу) па выніках першага кварталу 2025 году былі больш за 12,8 тыс. дзяцей, ці звыш 80%.

Амаль 6000 апякунскіх сем’яў прынялі каля 8000 дзяцей.

Летась праводзілася праца з 22 тыс. дзяцей з 10,7 тыс. сем’яў, у якіх прызнаная наяўнасьць крытэраў і паказьнікаў сацыяльна небясьпечнага становішча. За мінулы год 78% дзяцей зьнялі з уліку «ў сувязі з нармалізацыяй сытуацыі ў сям’і і аказаньнем неабходнай дапамогі сям’і з улікам міжведамаснага ўзаемадзеяньня».

Вайцяховіч адзначыла, што «кожны год каля паловы дзяцей, якія прызнаныя асобамі з патрэбай ў дзяржаўнай абароне і забраныя ў бацькоў, вяртаюцца на выхаваньне бацькам пасьля выпраўленьня неспрыяльнага становішча ў сям’і».

Пры гэтым у Беларусі колькасьць дзяцей-сіротаў і пакінутых без апекі бацькоў за год вырасла на 24,9%. На канец 2023 году іх было 2203 чалавекі, а ў канцы 2024 стала ўжо 2752 дзіцяці. Лічбы вынікаюць з праведзенага «Позіркам» аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Багдана сядзела ў турме для дзяцей». Гісторыя палітзьняволенай керамісткі, у якой забралі дачку ў прытулак

Нэгатыўная сытуацыя назіралася ва ўсіх рэгіёнах краіны і сталіцы. Горшая гадавая дынаміка зафіксаваная ў Менскай вобласьці, дзе колькасьць сіротаў павялічылася на 71,1% (з 284 да 486).

У 2024 годзе 3155 чалавек у Беларусі пазбавілі бацькоўскіх правоў — гэта на 28,7% больш, чым у 2021-м, калі было 2452.

Генэральны пракурор Андрэй Швед заяўляў у інтэрвію газэце «СБ. Беларусь сегодня» ў лістападзе 2024 году, што больш за 70% дзяцей, прызнаных асобамі ў сацыяльна небясьпечным становішчы, штогод здымаецца з уліку на фоне нармалізацыі сытуацыі ў сям’і. Швед паведаміў таксама, што ў Беларусі функцыянавалі 272 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, у той час як 20 гадоў таму іх было толькі 11.

Пасьля 2020 году, калі ў Беларусі разгарнуліся маштабныя рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, дзяцей неаднаразова забіралі ў палітвязьняў, адпраўляючы ў адмысловыя ўстановы. Многія сутыкнуліся з падобнымі пагрозамі і вымушаныя былі пакінуць радзіму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сацыяльна небясьпечнае становішча — за «дармаедзтва» і «экстрэмізм». Былы пэдагог расказвае, як чыноўнікі забіраюць у беларусаў дзяцей