Лукашэнка прыняў лідэра камуністаў Віетнаму як кіраўніка дзяржавы і прапанаваў яму вайсковую супрацу

Кіраўнік камуністычнай партыі Віетнаму і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 12 траўня 2025 году

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і генэральнага сакратара цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Віетнаму То Лама прайшла 12 траўня ў Палацы незалежнасьці ў Менску з выкананьнем цырыманіялу для прыёму кіраўнікоў дзяржаў, уключаючы шыхтаваньне роты ганаровай варты і выкананьне дзяржаўных гімнаў.

Перамовы прайшлі ў вузкім і ў пашыраным складзе, як гэта бывае на міждзяржаўных сустрэчах найвышэйшага ўзроўню.

Як піша прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, бакі абмяркоўвалі разьвіцьцё стратэгічнай супрацы Беларусі і Віетнаму ў ключавых кірунках эканомікі, палітыкі і гуманітарнай сфэры.

То Лам наведвае Менск з чацьвёртым візытам. На сустрэчы 12 траўня абмяркоўвалі гандаль, сумесную вытворчасьць тэхнікі, у якой зацікаўлены Віетнам, авіязлучэньне паміж краінамі.

«Адкрыта можна гаварыць сёньня, што мы інтэнсіўна супрацоўнічалі з вамі ў галіне вайскова-прамысловага комплексу, паставак нашых узораў узбраеньняў у Віетнам. Калі вам гэта будзе цікава, мы гатовыя гэта аднавіць», — сказаў Лукашэнка і запрасіў віетнамскіх партнэраў наведаць выставу MILEX-2025, якая неўзабаве пройдзе ў Менску.

То Лам у сваю чаргу заявіў, што Віетнам зацікаўлены падняць узровень адносін зь Беларусьсю да стратэгічнага партнэрства і запрасіў Лукашэнку прыехаць у Віетнам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартаванага ў Беларусь зь Віетнаму Васіля Верамейчыка прызналі палітвязьнем
  • То Лам займае пасаду генэральнага сакратара ЦК КПВ ад жніўня 2024 году.
  • Ён быў міністрам грамадзкай бясьпекі Віетнаму ў 2016–2024 гадах, у 2024 годзе на паўгода стаў прэзыдэнтам гэтай краіны, лічыцца адным з самых уплывовых партыйна-дзяржаўных кіраўнікоў.
  • 6 траўня 2025 году Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Дружбы народаў.
  • Улады Віетнаму выдалі ў Беларусь экс-байца палку Каліноўскага Васіля Верамейчыка.
  • Віетнам застаецца адной з апошніх камуністычных дзяржаваў у сьвеце.
  • Кампартыя Віетнаму застаецца кіроўнай у краіне і вызначае праграму і дзеяньняў ураду, пасьля распаду камуністычнай сыстэмы ў сьвеце ў 1990-х партыя захавала ўладу, але прыняла рашэньне аб рынкавых рэформах у краіне пры захаваньні сацыялістычнай ідэалёгіі і манаполіі на ўладу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад Беларусі да Віетнаму». Куды і як Расея вывозіць прадукцыю з акупаваных тэрыторыяў Украіны