Кітай і ЗША дамовіліся ўвесьці 90-дзённы мараторый на значнае павышэньне імпартных тарыфаў ва ўзаемным гандлі, раней абвешчанае абодвума бакамі. Пра гэта паведаміў міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт пасьля перамоваў у Жэнэве, піша AP.
Паводле яго, краіны зьнізяць узаемныя тарыфы на 115%: ЗША — з 145% да 30%, а Кітай — з 125% да 10%.
Белы дом адзначыў, што ўрады ЗША і Кітаю, прызнаючы «важнасьць двухбаковых эканамічных і гандлёвых дачыненьняў», вырашылі зьнізіць тарыфы з 14 траўня. Рынкі адрэагавалі на навіну аб пагадненьнях ростам біржавых курсаў.
Бэсэнт заявіў на брыфінгу пасьля двух дзён перамоваў, што высокі ўзровень тарыфаў азначаў бы поўную блякаду тавараў абодвух бакоў, чаго ня хоча ніводзін зь іх.
«У гэтыя выходныя абедзьве дэлегацыі пагадзіліся, што ніводзін з бакоў ня хоча разрыву, — сказаў Бэсэнт.— А тое, што адбылося з гэтымі вельмі высокімі тарыфамі, было эквівалентам эмбарга. І ніводзін з бакоў гэтага ня хоча. Мы хочам гандлю. Мы хочам больш збалянсаванага гандлю. І, думаю, абодва бакі імкнуцца дасягнуць гэтага».
У красавіку прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб увядзеньні гандлёвых тарыфаў на імпартныя тавары практычна з усіх краін сьвету. Пасьля гэтага ён прыпыніў увядзеньне тарыфаў для ўсіх краін, зьнізіўшы базавы тарыф да 10%, але зрабіў вынятак — для Кітаю тарыфы павялічыў.
КНР таксама адрэагавала павышэньнем імпартных тарыфаў.
Адміністрацыя ЗША растлумачыла павышэньне тарыфаў на Кітай дысбалянсам у гандлі з гэтай краінай, недастатковымі, на думку Вашынгтону, намаганьнямі Пэкіну ў барацьбе з экспартам сынтэтычнага наркотыку фэнтанілу і «непавагай, якую Кітай праяўляе да сусьветных рынкаў». Кітай, у сваю чаргу, заявіў, што ня пойдзе на саступкі і будзе абараняць свае інтарэсы.
Рэагуючы на дзеяньні адміністрацыі Трампа, Кітай накіраваў ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю заяву аб пагрозе дэстабілізацыі сусьветнага гандлю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што павышае да 125% мыты на тавары з Кітаю