Чэскага генэрала Вайцяхоўскага, які паходзіў зь Віцебску і загінуў у ГУЛАГу, пасьмяротна ўзнагародзілі Крыжам абароны дзяржавы

Генэрал Сяргей Вайцяхоўскі. Архіўнае фота

Нашчадкі Сяргея Вайцяхоўскага сабраліся ў Прагу з розных краін сьвету ў 80-ю гадавіну выдачы чэскага генэрала ў савецкі ГУЛАГ.

12 траўня 1945 году ў вызваленай Празе савецкія органы контравыведкі СМЕРШ прыйшлі ў кватэру генэрала Сяргея Вайцяхоўскага і арыштавалі яго. Гэта быў пачатак дарогі ў ГУЛАГ. Дарогі безь вяртаньня.

Праз 80 гадоў нашчадкі генэрала, што прыехалі з розных куткоў сьвету, ня толькі ўспаміналі тыя падзеі, але і атрымалі з рук міністаркі абароны Чэхіі высокую ўзнагароду для яго — Крыж абароны дзяржавы.

Карані славутага генэрала — у Беларусі, ён нарадзіўся ў Віцебску ў 1883 годзе. Вайсковую кар’еру пачаў у расейскай царскай арміі. У часе рэвалюцыі апынуўся ў Сібіру, дзе яго шляхі ўпершыню сышліся з чэхаславацкімі легіянэрамі. Падчас грамадзянскай вайны ваяваў на баку Белага руху. У 1921 годзе прэзыдэнт Масарык запрасіў яго ў маладую Чэхаславаччыну — будаваць яе армію. Праз год Вайцяхоўскі атрымаў чэхаславацкае грамадзянства, а ў 1929-м званьне генэрала.

Генэрал Сяргей Вайцяхоўскі і прэзыдэнт Чэхаславачыны Томаш Масарык падчас вайсковых вучэньняў. Першая палова 1930-х гг.

Як адзін з высокіх вайскаводаў Чэхаславаччыны Вайцяхоўскі выступіў супраць Мюнхэнскай змовы, настойваў на тым, што краіна здольная абараніцца і ня мусіць перад немцамі капітуляваць. Аднак палітычнае кіраўніцтва на чале з прэзыдэнтам Бэнэшам тады вырашыла інакш. У 1939-м генэрала накіравалі на пэнсію. У часы нямецкага пратэктарату Вайцяхоўскі, нягледзячы на нагляд гестапа, далучыўся да руху антыфашысцкага супраціву «Абарона народу». Але СМЕРШ у сьвяточнай Празе траўня 1945-га на Вайцяхоўскага глядзеў не на як антыфашыста, але перадусім як на «белага» афіцэра і генэрала.

Паводле дасьледнікаў, вельмі імаверна, што ў траўні 1945-га арыштаванага генэрала перад тым, як накіраваць яго ў маскоўскую турму «Бутырку», трымалі пэўны час пад праскім адрасам Dělostřelecká, 11. Разьмешчаную тут прасторную вілу забралі падчас нямецкай акупацыі ў габрэйскай сям’і Розэнблюмаў, тут жа разьмясьцілася канцылярыя, што займалася высяленьнем габрэяў. Пасьля прыходу Чырвонай арміі тут раскватаравалі НКВД са СМЕРШам. Тут жа трымалі арыштаваных і брутальна дапытвалі выбітных асобаў зь ліку эмігрантаў, некаторыя вязьні не перажылі гэтыя допыты. Сёлета у гэтае месца акурат 9 траўня наведаліся нашчадкі генэрала Вайцяхоўскага.

Унукі Сяргей Вайцяхоўскі і Гэлен Згагоўскі (сын і дачка адзінага сына Вайцяхоўскага — Юрыя) у інтэр’ерах былога штабу НКВД у Празе

Дом з такой змрочнай гісторыяй пасьля вайны практычна не выкарыстоўвалі, ён дагэтуль у аварыйным стане. Цяпер ён належыць міністэрству абароны Чэхіі, якое дало дэлегацыі доступ у будынак у парадку выключэньня.

Адзін з пакояў, дзе праводзіцца кантроль для магчымага будаўнічага аднаўленьня

Акрамя гэтага адрасу, сям’я наведала месцы ў Брне і Празе, дзе Вайцяхоўскі жыў, будучы вярхоўным земскім вайсковым начальнікам. У абодвух гарадах ёсьць памятныя дошкі, аднак праская мае больш адметную гісторыю. У доме пад адрасам Konviktská 5, Praha 1, дзе была кватэра генэрала, цяпер разьмешчаны гатэль. Яго італьянскі гаспадар катэгарычна адмовіўся даць згоду на разьмяшчэньне дошкі: на ягоную думку, згадка пра тое, што некага адсюль забралі ў ГУЛАГ, магла б адпалохаць патэнцыйных гасьцей. (Падобная ж гісторыя і з памятнай дошкай Ларысе Геніюш у Празе, не пагаджаецца гаспадар дому). Урэшце дошку памяці генэрала разьмясьцілі на суседнім доме, у якім тэхнічнае вучылішча.

Нашчадкі Вайцяхоўскага пасьля ўскладаньня кветак ля дошкі на доме пад адрасам Konviktská 3 у Празе. Зьлева направа: праўнук Марк Вайцяхоўскі, стрыечны праўнук Сяргей Цілі, унучка Гэлен Згагоўскі, унук Сяргей Вайцяхоўскі, праўнук Майкл Вайцяхоўскі з жонкай Сарай

Як увогуле стала магчыма, што ўлады Чэхаславаччыны ў 1945-м за свайго генэрала і грамадзяніна не заступіліся, фактычна моўчкі пагадзіўшыся зь яго гвалтоўным вывазам? Перадача ў СССР скончылася для Вайцяхоўскага прысудам за антысавецкую дзейнасьць і ГУЛАГам, дзе ён памёр у 1951 годзе. Нягледзячы на просьбы сям’і і баявых сяброў генэрала, чэхаславацкае кіраўніцтва вырашыла «ня ўмешвацца».

Паводле гісторыкаў, тагачасны прэзыдэнт Эдвард Бэнэш палічыў, што сяброўства з СССР — пераможцам у вайне — для яго краіны важнейшае за прыватны лёс генэрала. Некалькі дзесяцігодзьдзяў імя генэрала для шырокай чэскай грамадзкасьці (калі не лічыць дасьледнікаў і гісторыкаў) паступова ўпадала ў забыцьцё.

У савецкі час Прага, напрыклад, ушаноўвала маршала Конева — і помнікам паблізу пасольства СССР, і вуліцай яго імя. Нядаўна помнік маршалу прыбралі і перадалі ў музэй, а вуліцу Конева перайменавалі. Паступова вяртаецца памяць пра Вайцяхоўскага як аднаго з заснавальнікаў чэхаславацкай арміі. Гэтым разам нашчадкі Вайцяхоўскага атрымалі з рук міністаркі абароны Чэхіі Яны Чэрнахавай Крыж абароны дзяржавы, якім Сяргей Вайцяхоўскі ўзнагароджаны in memoriam.

Уручэньне Крыжа абароны дзяржавы адбылося 8 траўня, калі Чэхія, як і астатняя Эўропа, адзначае дзень Перамогі. Унук Сяргей Вайцяхоўскі і яго сыны Майкл і Марк прыехалі з ЗША і Віетнаму

Вяртаньне Вайцяхоўскага ў шэраг герояў найноўшай чэскай гісторыі адбываецца шмат у чым дзякуючы грамадзкім ініцыятывам. Раней, у часы Вацлава Гаўла, генэрал Вайцяхоўскі (таксама пасьмяротна) атрымаў найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Чэхіі — ордэн Белага Льва. На гэту ўзнагароду яго намінавала суполка «Яны былі першымі», што займалася лёсамі чэхаў і славакаў, вывезеных у ГУЛАГ.

Чэскі гісторык Габрыела Гаўлуява, заснавальніца суполкі Захаваньня памяці чэскага супраціву, пайшла далей за архівы: яна асабіста наведала былы Азярлаг паблізу Тайшэту. І ўпэўнілася, што сьляды генэрала Вайцяхоўскага жывыя ў памяці тамтэйшых людзей. Але магілу яго, на жаль, знайсьці не ўдалося (вязьняў ГУЛАГу хавалі, як вядома, у масавых магілах). Нягледзячы на гэта, яна ўстанавіла там мэмарыяльную дошку. Дзякуючы дасьледніцы сучасныя пакаленьні Вайцяхоўскіх аднавілі кантакт з Чэхіяй. У часе свайго візыту яны таксама падалі заяву аб вяртаньні іхнаму продку чэскага грамадзянства. Гісторык Гаўлуява кажа, што ўжо спрабавала ўстанавіць дошку свайму ўлюбленаму герою і ў Віцебску, і нават знайшла чэскага фундатара. Пакуль, паводле яе словаў, справа спынілася на тым, што ўдалося высьветліць: дом, дзе нарадзіўся легендарны генэрал Сяргей Вайцяхоўскі, у Віцебску не захаваўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як белы генэрал родам зь Беларусі стаў чэскім военачальнікам