Міністар юстыцыі Польшчы і генэральны пракурор Адам Боднар, а таксама міністар унутраных спраў і адміністрацыі і каардынатар спэцслужбаў Томаш Семоняк заявілі, што пажар у гандлёвым цэнтры Marywilska 44 у Варшаве 12 траўня 2024 года быў вынікам наўмыснага падпалу, арганізаванага на замову расейскіх спэцслужбаў. Заяву пра гэта распаўсюдзіў прэс-сакратар міністра ўнутраных справаў Яцэк Дабжыньскі.
У заяве сказана, што пажар у гандлёвым цэнтры на вуліцы Марывільскай, 44, у якім згарэла 1400 крамаў і аб’ектаў паслуг, «быў старанна сплянаваны і задакумэнтаваны».
Расьсьледаванне цягнулася цэлы год. Польскія службы супрацоўнічаюць з праваахоўнікамі Літвы, дзе некаторыя з затрыманых таксама ажыцьцяўлялі дывэрсійную дзейнасьць.
«У рамках сьледзтва, у якім удзельнічалі 55 пракурораў і 100 паліцыянтаў, быў праведзены агляд месца здарэньня, які доўжыўся 121 дзень, апытаныя больш за 70 сьведкаў і 530 пацярпелых. Цяпер, зыходзячы з сабраных доказаў, мы ведаем, што пажар быў вынікам падпалу, замоўленага расейскімі спэцслужбамі. Мы маем паглыбленую інфармацыю пра парадак і ход падпалу, а таксама пра тое, як яго дакумэнтавалі злачынцы. У выніку атрыманыя доказы, якія паказваюць на тое, што падпал быў старанна сплянаваны і задакумэнтаваны, а дзеяньнямі кіраваў чалавек, які знаходзіцца ў Расеі. Некаторыя з выканаўцаў ужо арыштаваныя, астатнія вызначаны і расшукваюцца», — гаворыцца ў заяве.
Раней польскія праваахоўныя органы ня раз заяўлялі аб затрыманьні асобаў, якія маюць дачыненьне да працы на расейскую выведку, а таксама да буйных пажараў, якія адбыліся ў Варшаве, Уроцлаве, Гданьску і іншых месцах.
Пасьля інцыдэнтаў з падпаламі Польшча вырашыла закрыць расейскі кансулят у Кракаве.
У іншым падпале абвінавацілі беларуса
У сакавіку 2025 году стала вядома, што польская пракуратура выставіла грамадзяніну Беларусі Сьцяпану К. абвінавачаньне ў падпале шматпавярховай будаўнічай крамы ў Варшаве ў красавіку 2024 году. Ён нібыта дзейнічаў на заданьне расейскай выведкі. Беларусу пагражае пакараньне ад 10 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Пажар адбыўся 14 красавіка 2024 году, згарэла частка крамы, шкода ацэненая на больш як 3,5 млн злотых (каля 900 тысяч даляраў). Ідзецца пра пажар у гандлёвым цэнтры на вуліцы Радзыміньскай.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, грамадзянін Беларусі 13 красавіка нібыта разьліў у краме запальную вадкасьць і пакінуў прылады для дыстанцыйнага падпалу. У ноч на 14 красавіка яны ўключыліся, і пачаўся пажар. Таксама Сьцяпан К. нібыта здымаў пажар на тэлефон, затым частка гэтых матэрыялаў «была апублікаваная на расейскіх прапагандысцкіх сайтах».
«Акрамя таго, вызначана, што падазраваны Сьцяпан К. учыніў названы падпал, дзейнічаючы ў інтарэсах замежнай выведкі, г.зн. выведкі Расейскай Фэдэрацыі, і на заданьне расейскіх спэцслужбаў», — заявілі ў пракуратуры.
Сьцяпану К. выставілі абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні дывэрсіі ў інтарэсах замежнай выведкі і тэрарыстычным злачынстве (арт. 130 і п. 1 арт. 165 КК Польшчы). Гэтыя артыкулы прадугледжваюць пакараньне ад 10 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Пажар на Радзыміньскай не атрымаў такога вялікага рэзанансу, як наступны інцыдэнт на вуліцы Марывільскай, дзе гандлёвы цэнтар цалкам згарэў. Будаўнічая крама на Радзыміньскай не згарэла дашчэнту толькі дзякуючы сыстэмам супрацьпажарнай абароны і хуткай рэакцыі пажарнікаў, аднак маштаб пажару ўсё роўна быў сурʼёзным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусу выставілі абвінавачаньне ў падпале супэрмаркету ў Варшаве на заданьне выведкі Расеі