На саміце «Кааліцыі ахвочых» краіны Захаду заклікалі Расею да спыненьня агню з 12 траўня. Украіна заявіла, што гатовая

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармэр, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у Кіеве. 10 траўня 2025

Раней падобная заява прагучала з боку прэзыдэнта ЗША. Пасьля саміту «Кааліцыі ахвочых» ягоныя ўдзельнікі пагутарылі з Дональдам Трампам.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністры Польшчы і Вялікабрытаніі Дональд Туск і Кір Стармэр, а таксама новы канцлер ФРГ Фрыдрых Мэрц правялі ў Кіеве саміт «Кааліцыі ахвочых».

Што вырашылі на саміце

Поўнае і безумоўнае спыненьне агню павінна пачацца ў панядзелак, 12 траўня, і мае працягвацца як мінімум 30 дзён. Такое рашэньне было прынятае падчас сустрэчы ў Кіеве «Кааліцыі ахвочых» з асабістым удзелам лідэраў чатырох эўрапейскіх краін — Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Польшчы і Францыі.

Прадстаўнікі яшчэ двух дзясяткаў краін далучыліся да анлайн-сустрэчы кааліцыі, паведамляе карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода.

«Мы разам патрабуем гэтага ад Расеі. Мы ведаем, што Злучаныя Штаты Амэрыкі падтрымліваюць нас у гэтым. Безумоўнае спыненьне агню азначае спыненьне агню безь якіх-небудзь умоў», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Паводле слоў украінскага лідэра, спроба вылучыць якія-небудзь умовы сьведчыць пра намер зацягнуць вайну і сарваць дыпляматыю. Гаворка ідзе пра ўсёабдымнае спыненьне агню — у паветры, на моры і на сушы.

Калі ўмова аб 30-дзённым спыненьні агню ня будзе прынята Расеяй або пагадненьне будзе парушана, саюзьнікі Ўкраіны ў рамках «Кааліцыі ахвочых» абяцаюць павялічыць санкцыі супраць Расеі і ўмацаваць Украіну.

«У выпадку парушэньня гэтага рэжыму спыненьня агню мы дамовіліся, што будуць ужытыя маштабныя санкцыі. Цяпер яны будуць падрыхтаваныя і скаардынаваныя паміж амэрыканцамі і эўрапейцамі», — заявіў прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Рэакцыі з боку Расеі пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што Індыя і Пакістан дамовіліся аб спыненьні агню дзякуючы пасярэдніцтву ЗША. Бакі пацьвердзілі

«Кровапраліцьце павінна спыніцца»

Раней у спэцыяльнай заяве чацьвёра эўрапейскіх лідэраў сумесна заклікалі Расею пагадзіцца на поўнае і безумоўнае 30-дзённае спыненьне агню і запэўнілі ў пашырэньні падтрымкі Ўкраіны.

«Мы, лідэры Францыі, Нямеччыны, Польшчы і Вялікабрытаніі, будзем стаяць у Кіеве ў знак салідарнасьці з Украінай супраць варварскай і незаконнай паўнамаштабнай агрэсіі Расеі. Мы пацьвярджаем нашу падтрымку заклікам прэзыдэнта Трампа да мірнага пагадненьня і заклікаем Расею спыніць перашкоды намаганьням па забесьпячэньні трывалага міру.

Разам з ЗША мы заклікаем Расею пагадзіцца на поўнае і безумоўнае 30-дзённае спыненьне агню, каб стварыць прастору для перамоваў аб справядлівым і трывалым міры», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай напярэдадні прыбыцьця чатырох лідэраў у Кіеў на сайце брытанскага ўрада.

Лідэры Францыі, ФРГ, Польшчы і Вялікабрытаніі заявілі пра гатоўнасьць «падтрымаць мірныя перамовы як мага хутчэй, абмеркаваць тэхнічнае выкананьне рэжыму спыненьня агню і падрыхтавацца да заключэньня паўнавартаснага мірнага пагадненьня».

«Мы выразна заяўляем: кровапраліцьце павінна спыніцца, Расея павінна спыніць сваё незаконнае ўварваньне, і Ўкраіна павінна мець магчымасьць разьвівацца як бясьпечная, надзейная і сувэрэнная дзяржава ў рамках міжнародна прызнаных межаў на працягу многіх пакаленьняў. Мы будзем працягваць пашыраць нашу падтрымку Ўкраіны. Пакуль Расея не пагодзіцца на доўгатэрміновае спыненьне агню, мы будзем павялічваць ціск на расійскую ваенную машыну», — сумесна заявілі чатыры лідэры.

Размова удзельнікаў саміту з Трампам

Пасьля сустрэчы «кааліцыі добраахвотных» у Кіеве пяць лідэраў — Уладзімір Зяленскі, Эманюэль Макрон, Фрыдрых Мэрц, Дональд Туск і Кір Стармэр — правялі «прадуктыўную» тэлефонную размову з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам адносна мірных намаганьняў, заявіў міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга.

«Украіна і ўсе саюзьнікі гатовыя да поўнага безумоўнага спыненьня агню на сушы, у паветры і на моры на працягу як мінімум 30 дзён, пачынаючы з панядзелка (12 траўня — РС.)», — адзначыў Сыбіга.

Удзельнікі саміту ў Кіеве тэлефануюць Дональду Трампу

Таксама, паводле слоў міністра замежных спраў Украіны, калі Расея пагодзіцца і будзе забясьпечаны «эфэктыўны маніторынг», «трывалае спыненьне агню і захады па ўмацаваньні даверу могуць адкрыць шлях да мірных перамоваў».

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў пра правядзеньне саміту Кааліцыі ахвочых у суботу 10 траўня.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у чацьвер 8 траўня пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заклікаў да 30-дзённага безумоўнага спыненьня агню паміж Расеяй і Ўкраінай. У адваротным выпадку, папярэдзіў Трамп, Вашынгтон і яго партнэры ўвядуць дадатковыя санкцыі.

Першы саміт «Кааліцыі ахвочых» прайшоў у Элізэйскім палацы ў Парыжы 27 сакавіка 2025 году. Тады лідэры больш чым 30 краін сустракаюцца ў Парыжы для дыскусіі у рамках «Кааліцыі ахвочых», якая мае намер узмацніць падтрымку Ўкраіны ў выпадку заключэньня пры ўдзеле ЗША пагадненьня аб спыненьні агню або мірнага пагадненьня.

Фармат кааліцыі абʼядноўвае Вялікабрытанію, Данію, Эстонію, Фінляндыю, Ісляндыю, Латвію, Літву, Нідэрлянды, Нарвэгію, Швэцыю і Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Польшчы і Францыі прыбылі ў Кіеў на саміт «Кааліцыі ахвочых»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апрылюдніў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.