Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ўключыў стваральніц менскага стартап-хабу Imaguru Тацяну Марыніч і Анастасію Хамянкову, а таксама яго дырэктара Яўгена Пугача ў «пералік асоб і арганізацый, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Іх імёны зьявіліся ў абноўленым сьпісе ад 7 траўня. КДБ апублікаваў яго ў сваім Telegram-канале.
Раней Менскі гарадзкі суд завочна прыгаварыў Марыніч і Хамянкову да 12 і 11 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна. Іх прызналі вінаватымі ў распальваньні сацыяльнай варожасьці, змове з мэтай захопу ўлады, закліках да санкцый, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці, вярбоўцы грамадзян для ўдзелу ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі замежнай дзяржавы, абразе прадстаўніка ўлады, а таксама ўхіленьні ад выплаты падаткаў і злоўжываньні службовым становішчам.
Пугача прызналі вінаватым у закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы і ўхіленьні ад выплаты падаткаў і прыгаварылі да 4,5 гадоў калёніі.
Пазьней справу разглядала апэляцыйная інстанцыя Вярхоўнага суду.
Imaguru прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» у жніўні 2023 году. Аб яго закрыцьці абвясьцілі ў 2021-м. Ягоныя заснавальнікі даўно жывуць за мяжою.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся суд над кіраўнікамі стартап-хабу Imaguru