У Крамлі заявілі, што дамовіліся з Кітаем умацоўваць супрацу, каб процістаяць Злучаным Штатам

Сі Цзіньпін і Ўладзімір Пуцін

Дзьве буйныя дзяржавы плянуюць надалей разьвіваць вайсковую супрацу.

Расея і Кітай маюць намер пашырыць супрацу, каб рашуча процістаяць намаганьням ЗША стрымаць абедзьве краіны. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай Крамлём 8 траўня.

У заяве, апублікаванай пасьля перамоваў паміж прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам, гаворыцца, што Масква і Пэкін будуць працягваць умацоўваць сваю ваенную супрацу.

Пуцін і Сі Цзіньпін перакананыя, што канфлікт ва Ўкраіне можа быць вырашаны толькі шляхам ліквідацыі яго «першапрычынаў», цытуюць сумесную заяву Крамля ў чацьвер сусьветныя агенцтвы.

Раней Украіна неаднаразова заўважала, што Кітай спрыяе Расеі ў вайне, акрамя таго, нядаўна зьявіліся зьвесткі пра тое, што ва ўкраінскі палон трапіла мноства кітайскіх жаўнераў, якія наняліся ў расейскае войска.

Афіцыйны Пэкін адмаўляў абвінавачаньні, заяўляючы, што гэтых людзей ніхто не адпраўляў на вайну. Аднак пасьля прызнаньняў палонных кітайцаў стала вядома, што расейскія плятформы і спосабы набору людзей у войска пасьпяхова і шырока працуюць у Кітаі, а ўрад, імаверна, даўно ведае пра гэта.

Больш за тое, пра ўсё больш ўчыльныя сувязі Пэкіну з Масквою гаворыць і нядаўняе расьсьледаваньне Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Кітай падсілкоўвае расейскую ваенную машыну. Расьсьледаваньне Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Украіны да Ціхага акіяна. Адміністрацыя Трампа сутыкнулася з новымі пагрозамі з боку кітайска-расейскага партнэрства