Аркадзь Добкін пакідае пасаду генэральнага дырэктара EPAM

Аркадзь Добкін, архіўнае фота

Створаная беларусамі ІТ-кампанія EPAM Systems аб’явіла аб маючых адбыцца кадравых зьменах у кіраўніцтве.

Зь 1 верасьня 2025 года заснавальнік кампаніі Аркадзь Добкін пакіне пасаду генэральнага дырэктара і прэзыдэнта, перайшоўшы на пасаду выканаўчага старшыні Рады дырэктараў, паведамілі ў кампаніі.

Яго пераемнікам стане Балаж Фэеш, цяперашні дырэктар па глябальным бізнэсе і па даходах. Ён узначаліць кампанію ў якасьці генэральнага дырэктара і прэзыдэнта.

«Добкін працягне актыўна ўдзельнічаць у стратэгічным разьвіцьці EPAM, факусуючыся на ключавых ініцыятывах, падтрыманьні адносін з кліентамі, партнэрамі і інвэстарамі, а таксама прасоўваньні брэнда на міжнароднай арэне», — гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Аркадзь Добкін стаяў ля вытокаў EPAM з моманту яе заснаваньня ў 1993 годзе. Пад яго кіраўніцтвам EPAM неаднаразова трапляў у сьпісы самых хуткарастучых кампаній сьвету. У апошнія гады ён пазыцыянаваў EPAM як «лідэра ў галіне рашэньняў, заснаваных на штучным інтэлекце, заклаўшы аснову для наступнай эры інавацый і росту кампаніі, адначасова стабілізуючы апэрацыі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе і значна пашыраючы сваю прысутнасьць у Індыі і Лацінскай Амэрыцы»,— гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Да заслуг Добкіна адносяць рост кампаніі, якая мае больш за 5 мільярдаў даляраў гадавога даходу.

«EPAM — гэта праект усяго майго жыцьця. Мы пачыналі з веры ў глябальныя таленты і сілу праграмнага забесьпячэньня. Сёньня, з больш чым 61 000 супрацоўнікаў па ўсім сьвеце, мы ўваходзім у лік лідэраў галіны», — адзначыў Добкін.

EPAM Sys­tems — амэрыканская IT-кампанія, заснаваная ў 1993 годзе беларускімі прадпрымальнікамі Аркадзем Добкіным і Леанідам Лозьнерам. Першыя офісы былі адчыненыя ў ЗША і Беларусі.

У 2021 годзе кампанія заняла 1804‑е месца ў сьпісе Forbes Glob­al 2000 і ўвайшла ў S&P 500.

Да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі EPAM Sys­tems актыўна пашырала штат сваёй філіі ў Беларусі, аднак на фоне палітычных рэпрэсіяў і ў сувязі з разьвязанай Расеяй вайной супраць Украіны супрацоўнікі кампаніі пачалі зьяжджаць з краіны. Цяпер яе офісы працуюць, сярод іншага, у Літве, Грузіі, Калюмбіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва EPAM заявіла, што ня будзе згортваць бізнэс у Беларусі