Карнавалы і парады. У Швайцарыі адкрываецца 69-я «Эўравізія»

Наведнікі фатаграфуюцца з талісманам «Эўравізіі-2025» у Базэлі, 3 траўня 2025 году

Гламурны фэстываль пачнецца цырымоніяй адкрыцьця і парадам удзельнікаў вуліцамі Базэлю. Будзе шумна. Абяцаюць бубначоў, аркестры, тэхна-музыкаў і віртуозаў альпійскіх рагоў, паведамляе агентцва AFP.

Парадак увесь тыдзень будуць пільнаваць больш як 1300 паліцыянтаў, а таксама камэры ў фан-зонах. І нездарма — музычны конкурс нярэдка робіцца пляцоўкай для пратэстаў і палітычных спрэчак.

Летась падчас «Эўравізіі» ішлі вулічныя пратэсты супраць вайны ў Газе, а сьпявачцы з Ізраілю Эдэн Галян давялося выступаць пад узмоцненай аховай і не рызыкаваць выходзіць лішні раз з гатэлю.

Сымболіка «Эўравізіі-2025»

Сёлета Ізраіль прадставіць Юваль Рафаэль, якая на свае вочы бачыла напад Хамасу на музычны фэстываль каля паселішча Рэім у кастрычніку 2023 году. Ёй удалося тады выжыць, схаваўшыся пад целамі забітых наведнікаў.

Юваль Рафаэль

Разам з тым больш за 70 былых удзельнікаў «Эўравізіі» напярэдадні фэстывалю заклікалі скасаваць удзел Ізраілю праз вайну ў Газе, ахвярамі якой сталі дзясяткі тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Эўравізію» ад Ізраіля паедзе дзяўчына, якая перажыла напад ХАМАС на фэст Nova

Швайцарыя прымае конкурс дзякуючы леташняй перамозе сьпевака Nemo зь песьняй The Code, прысьвечанай адкрыцьцю небінарнай гендэрнай ідэнтычнасьці. Мінулая перамога Швайцарыі была ажно ў 1988 годзе, калі за яе выступіла Сэлін Дыён.

Пасьля яна стала адной з самых пасьпяховых сьпявачак у гісторыі поп-музыкі. Ці выйдзе яна на сцэну гэтым разам, — інтрыга, якую арганізатары не раскрываюць. Вядома, што апошнім часам Дыён мела праблемы са здароўем. Разам з тым, паводле крыніцаў AFP, у сцэнары імпрэзаў ёсьць і ейнае імя.

Найбольш прыцягваюць увагу гледачоў паўфіналы, якія пройдуць у аўторак і чацьвер. І, вядома ж, фінал, на якім у суботу 17 траўня выступяць прадстаўнікі 26 краін.

Сьпявак, які выступае пад псэўданімам JJ (Яганэс Пітч)

Галоўны фаварыт сёлетняга фэстывалю — швэдзкі гурт KAJ зь песьняй пра лазьню пад акардэон — першай песьняй швэдаў на роднай мове з 1998 году. Гэта матывуе іншыя краіны слаць песьні на сваіх нацыянальных мовах, лічыць гісторык і экспэрт у «Эўравізіі» Дын Вулетыч.

Пазмагацца за перамогу мае шанцы і аўстрыйскі выканаўца JJ зь песьняй Wasted Love, лічаць экспэрты. Замыкаюць жа сьпіс прэтэндэнтаў, паводле букмэкераў, Францыя, Нідэрлянды і Ізраіль.

Беларусь ня можа ўдзельнічаць у «Эўравізіі» ад ліпеня 2021 году. Летась Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз паведаміў, што гэтае рашэньне бестэрміновае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дуэт з польска-беларускага памежжа, які сьпявае на падляскай гаворцы, заняў другое месца ў польскім фінале Эўравізіі