8 траўня Вярхоўная Рада прагаласавала за ратыфікацыю пагадненьня аб стварэньні сумеснага інвэстыцыйнага фонду паміж Украінай і ЗША. За гэтае рашэньне прагаласавалі 338 дэпутатаў, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.
30 красавіка Ўкраіна і ЗША падпісалі пагадненьне аб эканамічным партнэрстве і стварэньні Інвэстыцыйнага фонду рэканструкцыі. Паводле слоў міністра эканомікі Ўкраіны Юліі Свірыдэнкі, дакумэнт, сярод іншага, прадугледжвае, што поўная ўласнасьць і кантроль застаюцца за Ўкраінай, фонд ствараецца ў суадносінах 50/50, даўгавых абавязацельстваў Украіны перад ЗША няма, пагадненьне ня стане перашкодай для ўступленьня Ўкраіны ў Эўрапейскі зьвяз, а фонд будзе папаўняцца выключна за кошт даходаў ад новых ліцэнзій.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, камэнтуючы гэтае пагадненьне, заявіў, што яно істотна зьмянілася ў працэсе падрыхтоўкі, цяпер гэта «сапраўды раўнапраўнае пагадненьне, якое стварае магчымасьць для інвэстыцый ва Ўкраіну».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прасоўвае гэтую зьдзелку з пачатку свайго другога тэрміну ў студзені. Бакі павінны былі падпісаць пагадненьне аб прыродных рэсурсах у лютым, але падпісаньне было адкладзена пасьля таго, як сустрэча паміж Трампам і Зяленскім у Авальным кабінэце перарасла ў спрэчку.
Як будзе фінансавацца запуск украінска-амэрыканскага інвэстыцыйнага фонду, раней пракамэнтаваў намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны Тарас Качка:
«Украіна будзе рабіць унёскі ў выглядзе будучых плацяжоў ад продажу ліцэнзій на здабычу карысных выкапняў. Умоўна, будзе адкрытае новае радовішча па новай ліцэнзіі, зь яго пачнуць плаціць арэндную плату ў бюджэт, і палову мы можам пералічыць у фонд.
Пры самых высокіх чаканьнях гэта каля 1-2 мільярдаў грыўняў у год. Мы разумеем, у прыватнасьці, што з боку ЗША мы хочам атрымаць і атрымаем так званыя Startup money, гэта значыць першыя грошы для запуску Фонду. Магчыма, што будуць атрыманыя некаторыя дадатковыя фінансавыя рэсурсы, у залежнасьці ад агрэсіўнасьці інвэстыцыйнай палітыкі Фонду.
Акрамя таго, мы зрабілі магчымым улік новай вайсковай дапамогі ад Злучаных Штатаў у якасьці ўеёску ў Фонд. Але кошт гэтай дапамогі можна адлюстраваць як унёсак Злучаных Штатаў Амэрыкі».
Разам з тым, дэталі пагадненьня і стварэньня Фонду не паведамляюцца.
Раней урад Украіны апублікаваў на сваім сайце 12 старонак пагадненьня з ЗША па карысных выкапнях, якое было падпісана ў Вашынгтоне 1 траўня. Дакумэнт у асноўным тычыцца ўстанаўленьня палітычных парамэтраў супрацоўніцтва паміж Украінай і ЗША, але тэхнічныя дэталі яго рэалізацыі не былі апублікаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё яшчэ далёка адно ад аднаго», — дзяржаўны сакратар ЗША пра шанцы на мірнае пагадненьне паміж Украінай і Расеяй