У Расеі адключаюць мабільны інтэрнэт падчас рыхтаваньня да параду ў Маскве

Вежа мабільнай сувязі ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

З 5 траўня ў Расеі адбываюцца збоі ў працы мабільных апэратараў. Гэта зьвязана з рыхтаваньнем да 80-годзьдзя перамогі над Нямеччынай, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Тым, хто зьбіраецца быць у Маскве на сьвята, раяць загадзя купіць папяровую мапу, запасьціся наяўнымі грашыма і вывучыць графік працы крамаў.

Улады Расеі пачалі абмяжоўваць мабільны інтэрнэт у сталіцы, перадае «Настоящее время».

Гэта ўжо паўплывала на працу банкаматаў. Дастаўкі, крамы, каршэрынгі таксама папярэдзілі, што кліентам трэба быць гатовымі да збояў у працы сэрвісаў. Пасажырам маскоўскага мэтро раілі загадзя папоўніць праязныя.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў папярэдзіў, што перабоі з інтэрнэтам будуць доўжыцца да 10 траўня ўключна, і што гэта ня збой, а мэтанакіраваная палітыка ўладаў.

«Тут трэба з абсалютным разуменьнем да гэтага ставіцца. Мы з вамі як масквічы, як жыхары гораду, вядома ж, хочам, каб гэтае слаўнае сьвята перамогі было адзначанае на належным узроўні. І каб усе мерапрыемствы прайшлі так, як гэта задумвалі арганізатары».

Аб праблемах з мабільным інтэрнэтам кажуць ня толькі ў Маскве. У Падмаскоўі, Пецярбургу, Новасібірску і Краснадары зафіксавалі перабоі ў працы апэратараў мабільнай сувязі. Гаворка нават пра званкі і SMS. Абмежаваньні настолькі сур’ёзныя, што, з словаў старшыні Таварыства абароны інтэрнэту Міхаіла Клімарава, абысьці іх практычна немагчыма.

Улады абмяжоўваюць інтэрнэт пры дапамозе тэхнічных сродкаў супрацьдзеяньня пагрозам, гэтымі прыладамі забясьпечылі ўсе сеткі апэратараў у Расеі. Такім чынам улады могуць адключыць мабільны інтэрнэт у кожны зручны момант, заявіў Клімараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Масквы заявілі пра атаку дронаў, у аэрапорце спынялі рух самалётаў