Кіраўніцтва каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі дазволіла не трымаць пятнічны пост 9 траўня

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі

Пятнічная дыспэнса зьвязаная зь дзяржаўным сьвятам Дня перамогі.

Каталіцкім вернікам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі дазволілі не прытрымлівацца посту ў пятніцу, 9 траўня, з нагоды дзяржаўнага сьвята Дня перамогі. Такое рашэньне прыняў мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Дазвол не прытрымлівацца абавязковага для хрысьціянаў посту ў пятніцу з нагоды сьвецкіх сьвятаў лічыцца рэдкасьцю і нават нонсэнсам, адзначае Katolik.life.

Але мітрапаліт удзяляе дыспэнсацыю (вызваленьне) ад абавязку ўстрыманьня ад спажываньня мясных страваў у гэты дзень, матывуючы гэта тым, што «сьвяткаваньне дзяржаўнага сьвята Дня перамогі мае вялікае значэньне для вернікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ўшаноўваюць памяць памерлага папы Францішка

Мінулы раз мітрапаліт удзяляў такую дыспэнсацыю на 8 сакавіка 2024 году, што выклікала рэзананс сярод вернікаў. Біскупы іншых дыяцэзій тады не давалі такіх жа дазволаў сваім вернікам. Цяпер таксама пакуль не паведамляецца аб аналягічных рашэньнях у трох іншых каталіцкіх дыяцэзіях Беларусі.

Праваслаўным вернікам падобных вызваленьняў не давалі.

Паводле цяперашняга рашэньня мітрапаліта Станеўскага, дыспэнсацыя распаўсюджваецца таксама на ўсіх каталікоў, якія ў гэты дзень будуць знаходзіцца на тэрыторыі архідыяцэзіі. Усіх, хто будзе карыстацца дазволам, арцыбіскуп заахвочвае да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў войнаў і ўзброеных канфліктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксяндза Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зьняволеньня, ён віны не прызнаў