Лукашэнка памілаваў 42 палітвязьняў

Ілюстрацыйная выява

Атрымалі памілаваньне зьняволеныя з хваробамі, інваліднасьцю і непаўналетнімі дзецьмі.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, Аляксандар Лукашэнка 7 траўня памілаваў 42 чалавекі.

Як гаворыцца ў навіне, гэта асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці». «Экстрэмістамі» ўлады пасьля пратэстаў 2020 году масава прызнаюць людзей і арганізацыі, неляяльныя да ўладаў.

Сярод памілаваных 18 жанчын і 24 мужчыны. 13 чалавек маюць хранічныя захворваньні, адзін мае інваліднасьць.

У 24 асуджаных ёсьць непаўналетнія дзеці, двое — шматдзетныя. Дзесяць асоб старэйшых за 50 гадоў, адзін дасягнуў пэнсійнага ўзросту.

Імёны пакуль не раскрываюцца.

Раней Лукашэнка падпісаў прыняты Палатай прадстаўнікоў закон аб амністыі з нагоды «80-годзьдзя Перамогі». Скарачэньне тэрмінаў ці вызваленьне атрымалі звыш 7 тысяч зьняволеных, аднак на «палітычных» дакумэнт не распаўсюджваўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі, палітвязьняў яна не датычыць


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 2020 года ў Беларусі рэпрэсавалі па крымінальных справах больш за 8,2 тысячы чалавек