Індыя ўдарыла па Пакістане, пакістанскі бок гаворыць пра першыя страты

Успышкі пасьля атакі на пакістанскі Музафарабад

Напружаньне паміж дзьвюма ядзернымі дзяржавамі зноў расьце. У рэгіёне баяцца паўнамаштабнай вайны.

Узброеныя сілы Індыі заявілі, што нанесьлі ўдары па Пакістане і падкантрольнай яму частцы Кашміру. У Дэлі заяўляюць, што гэта былі ўдары па «тэрарыстычнай інфраструктуры» суседзяў.

Абвешчана апэрацыя пад назвай «Сіндур». Агулам, як заявілі ў Індыі, у рамках апэрацыі «Сіндур» атакаваныя дзевяць аб’ектаў.

Афіцыйны Ісламабад пацьвердзіў індыйскую атаку. Пакістанскія вайскоўцы заявілі, што Індыя атакавала краіну ракетамі.

У падкантрольнай Пакістану частцы Кашміру адбыліся выбухі, паведамляе Reuters з спасылкай на відавочцаў. Суразмоўцы агенцтва заявілі, што пасьля выбухаў у горадзе Музафарабад адключылася электрычнасьць.

Пакістан зьбіраецца адказаць сваёй атакай. Падрабязнасьці застаюцца невядомымі.

Паводле першых заяваў Ісламабаду, у выніку індыйскага ўдару загінулі трое чалавек, сярод якіх адно дзіця, а яшчэ тузін атрымаў раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя і Пакістан на мяжы вайны праз напад у Кашміры, у якім загінулі 26 чалавек