Фрыдрых Мэрц выбраны 10-м канцлерам Нямеччыны пасьля ІІ усясьветнай вайны.
Мэрц прайграў першы раўнд галасаваньня ў аўторак раніцай, але затым перамог у другім туры галасаваньня.
Чакалася, што кансэрватыўны лідэр лёгка пераможа на галасаваньні, набраўшы неабходную колькасьць галасоў адразу. Параза Мэрца ў першым туры стала гістарычнай, бо ніводзін іншы пасьляваенны кандыдат на пасаду не правальваўся ў першым туры галасаваньня.
Мэрц атрымаў 325 галасоў у другім туры. Яму патрэбная была большасьць у 316 з 630 галасоў, але ў першым туры ён атрымаў толькі 310 — значна менш за 328 месцаў, якія займала яго кааліцыя.
Паколькі галасаваньне было таемным, не адразу было зразумела, хто з сваёй кааліцыі не падтрымаў Мэрца.
Кааліцыю Мэрца ўзначальвае яго правацэнтрысцкі Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз і яго баварская сястрынская партыя Хрысьціянска-сацыяльны зьвяз. Да іх далучыліся левацэнтрысцкія сацыял-дэмакраты на чале з канцлерам Олафам Шольцам, які прайграў нацыянальныя выбары ў лютым.
Абвясьціўшы вынікі другога галасаваньня, кіраўнік парлямэнцкага блёку ХДС/ХСС Енс Шпан сказаў:
«Уся Эўропа, магчыма, нават увесь сьвет, сочыць за гэтым другім турам выбараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрыдрых Мэрц прайграў першы тур галасаваньня на пасаду канцлера ФРГ. Не хапіла 6 галасоўНямеччына, самая густанаселеная дзяржава з Эўрапейскага зьвязу, мае найбуйнейшую эканоміку на кантынэнце і зьяўляецца дыпляматычным цяжкавагавіком.
Галоўнымі выклікамі ў палітыцы новага канцлера стануць вайна ва Ўкраіне, па якой Мэрц раней заяўляў аб працягу падтрымкі Ўкраіны, і канфрантацыйная гандлёвая палітыка адміністрацыі Трампа ў ЗША, а таксама ўнутраныя праблемы, такія як уздым ультраправай антыіміграцыйнай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны», якую напярэдадні ў дзяржаве прызналі «экстрэмісцкай».
Калі б Мэрц не перамог на выбарах у другім туры, ніжняя палата парлямэнту — Бундэстаг — мела б 14 дзён, каб абраць кандыдата з абсалютнай большасьцю галасоў. Мэрц мог бы балятавацца паўторна, але іншыя заканадаўцы таксама маглі б вылучыць сваю кандыдатуру. Колькасьць галасаваньняў, якія могуць быць праведзены на працягу двух тыдняў, не абмежаваная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новым нямецкім урадзе будуць і вядомыя палітыкі, і новыя твары