Ад аўтараў чакаюць творы на тэму выгнаньня, страты, пошуку каранёў, унутранай свабоды, памяць, рытуалу і побыту.
Уваход будзе бясплатным, але каб праект ажыцьцявіўся, ідзе збор сродкаў на плятформе gronka.org.
«Што такое свабода, калі ты далёка ад дому? Гэтае пытаньне лягло ў аснову выставы, якую рыхтуем мы, незалежная каманда беларусаў і беларусак у Варшаве. Мы зьбіраем творы, што намацваюць тэмы міграцыі, памяці, рытуалу ў візуальным мастацтве, інсталяцыях і пэрформансах. Выстава натхнёна постацьцю Алеся Пушкіна, але выходзіць за межы яго біяграфіі — гэта плятформа для сучасных творцаў, якія жывуць і думаюць у руху», — пішуць арганізатары.
Адначасова каманда рыхтуе выданьне альбома твораў Алеся Пушкіна, вядзе ягоны архіў і стварыла старонку памяці мастака.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін — «Чалавек Cвабоды – 2023»Хто такі Алесь Пушкін
Алесь Пушкін быў адным зь яскравых беларускіх мастакоў і пэрформэраў апошніх дзесяцігодзьдзяў. Пушкін жыў у мястэчку Бобр у Крупскім раёне, удзельнічаў у мастацкіх і палітычных акцыях з канца 1980-х. Яшчэ ў 1988 годзе яго арыштавалі на пяць дзён за распаўсюд улётак да Дзядоў.
На Дзень Волі 1989 году, яшчэ пры СССР, Пушкін выйшаў з плякатам «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь». Так студэнт тэатральна-мастацкага інстытуту прайшоўся па цэнтральным праспэкце Менску. За тую акцыю мастак атрымаў два гады ўмоўна, на суд прыйшоў у вышыванцы і адказваў на пытаньні па-беларуску.
У 1999 годзе Пушкін правёў пэрформанс каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта, куды прывёз тачку з гноем і партрэтам Лукашэнкі, які праткнуў віламі, вываліўшы гной. І за гэтую акцыю Алесь быў пакараны двума гадамі ўмоўна.
У 2020 годзе Пушкін падтрымаў пратэсты. Яго схапілі і пабілі, як і іншых удзельнікаў акцый. Выйшаўшы з ізалятара, ён паказаў сінякі на сваім целе.
Крымінальную справу на Пушкіна завялі за партрэт дзеяча антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, угледзеўшы ў гэтым творы «рэабілітацыю нацызму».
Пушкін мог застацца за мяжой — бо ў той час, калі даведаўся пра крымінальную справу, быў у Кіеве, — але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. За карціну мастаку прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня. У апошнім інтэрвію на волі ён казаў, што ў Беларусі будзе ў турме, але застанецца пры гэтым жывы.
Пушкін прайшоў праз вайну, ён служыў у войску ў Афганістане. Апошнім часам зьняволеньне адбываў у турме ў Горадні. Там яму і стала блага са здароўем. Пушкін памёр у шпіталі ад прабадной язвы, дапамогу яму аказалі запозна. Пахаваны ў сваім родным Бабры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся сайт і Instagram-старонка памяці Алеся ПушкінаЛяўрэаты прэміі «Людзі Cвабоды»
- 2023 Алесь Пушкін (пасьмяротна)
- 2022 Людзі супраціву
- 2021 Палітвязьні і тыя, хто іх чакае
- 2020 Ніна Багінская, чые сьцягі застануцца ў гісторыі Беларусі.
- 2019 «Маці 328» і ўсе тыя, хто змагаецца за правы зьняволеных паводле антынаркатычнага артыкулу
- 2018 Сьвятлана Коржыч, маці салдата Аляксандра Коржыча, які трагічна загінуў у беларускім войску.
- 2017 Беларусы, якія ламаюць стэрэатыпы пра людзей з інваліднасьцю.