Беларуску Судлянкову, якую выслалі з Чэхіі за супрацу з ГРУ Расеі, уключылі ў праект 17-га пакета санкцый Эўразьвязу

Натальля Судлянкова, скрыншот

Былая беларуская журналістка Натальля Судлянкова, якая, паводле чэскіх уладаў, была расейскім агентам, ужо выехала ў Маскву.

Эўрапейская камісія разглядае 17-ты пакет санкцый супраць уладаў Расеі і Беларусі за разьвязаную супраць Украіны вайну. У гэтым пакеце ў прыватнасьці, зьбіраюцца дадаць да санкцыйнага сьпісу 21 фізычную асобу і 6 юрыдычных асоб.

Свабодзе стала вядома, што ў сьпісе адказных за «дэстабілізуючую актыўнасьць» знаходзіцца беларуская грамадзянка Натальля Судлянкова, журналістка, кансультант па СМІ і PR.

У 1999 годзе Натальля Судлянкова празь перасьлед у Беларусі атрымала палітычны прытулак у Чэхіі. Але, як выявілася, яна ня мела чэскага грамадзянства, у яе быў дазвол на сталае жыхарства ў Чэхіі, летась яна атрымала новую картку на 10 год. Верагодна, яе беларускі пашпарт быў пратэрмінаваны, бо на яе аформлены падарожны дакумэнт, які яна атрымала ў 2021 годзе.

У тлумачэньні ў праекце пастановы Эўрапейскай рады, доступ да якога мае Радыё Свабода, пазначана, што Натальля Судлянкова займаецца распрацоўкай медыяпрадукцыі на замову, «якая ўключае маніпуляцыі інфармацыяй і распаўсюд ілжывых наратываў, накіраваных на падтрымку зьнешнепалітычных інтарэсаў Расеі і падрыў грамадзкага даверу да чэскіх нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцей і працэсаў Эўразьвязу».

У дакумэнце таксама зазначана, што Судлянкова працяглы час атрымлівала заданьні з Расеі і фінансавую ўзнагароду, адыгрывала значную ролю ў плянаваньні і кіраваньні маніпуляцыямі інфармацыяй, прызначанымі для грамадзкасьці Чэхіі і іншых дзяржаў-чальцоў ЭЗ, а таксама супрацоўнічала з расейскімі дзяржаўнымі структурамі, якія прадстаўляюць інтарэсы Расеі, у тым ліку «Несьмяротны полк»), супрацоўнікамі ГРУ.

2 красавіка Служба бясьпекі і інфармацыі Чэхіі (BIS) заявіла, што дадала былую беларускую журналістку Натальлю Судлянкову ў чэскі нацыянальны санкцыйны сьпіс за супрацу з расейскай спэцслужбай ГРУ. У 1999 годзе Судлянкова атрымала ў Чэхіі прытулак, але цяпер яна мусіла пакінуць Чэскую Рэспубліку цягам 30 дзён.

Першага траўня Судлянкова вылецела з Прагі ў Стамбул, а адтуль — у Маскву. 2 траўня Натальля Судлянкова паведаміла чэскім журналістам, не ўдаючыся ў падрабязнасьці, што «зараз знаходзіцца ў Маскве».

У інтэрвію Seznam Zprávy 12 красавіка Судлянкова не прызнала, што працавала на рэжым Пуціна і падтрымлівала кантакты з супрацоўнікамі расейскай выведкі. Яна таксама адмаўляла, што кантактавала з супрацоўнікам ГРУ Шаўровым.

У той час яна разглядала тры варыянты, куды пераехаць з Чэхіі. Вяртаньне ў родную Беларусь яна лічыла найменш верагодным, бо, зь яе словаў, яна «не зьмяніла сваёй крытычнай пазыцыі ў дачыненьні да рэжыму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая журналістка Натальля Судлянкова, якую ў Чэхіі абвінавацілі ў супрацы з ГРУ, выехала ў Расею

У Чэхіі Судлянкова працавала галоўным рэдактарам расейскамоўнага штотыднёвіка «Пражский телеграф», які выдаваўся ў Празе. У мінулым яна таксама супрацоўнічала з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і з выданьнямі Týden і Lidové noviny.

Палітычны прытулак Натальля Судлянкова атрымала празь перасьлед у Беларусі. Там яна нібыта балятавалася ў парлямэнт ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі, яе абвінавачвалі ў фінансавых злачынствах. У адным з інтэрвію Чэскай тэлевізіі ў 2011 годзе Судлянкова казала: «У мяне былі пэўныя праблемы з спадаром Лукашэнкам і людзьмі зь ягонай каманды. Мы не маглі заставацца на адной радзіме», узгадвала яе словы выданьне Respekt.

У 2002 годзе яе затрымалі на чэска-нямецкай мяжы на падставе міжнароднага крымінальнага ордэру, выдадзенага ўрадам Беларусі. Але чэскі суд адхіліў запыт Менску аб экстрадыцыі, палічыўшы абвінавачваньні Судлянковай неабгрунтаванымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія ўнесла ў санкцыйны сьпіс былую беларускую журналістку Натальлю Судлянкову. Яе абвінавачваюць у супрацы з расейскім ГРУ