У Літве і Эстоніі пачаліся вайсковыя вучэньні з удзелам вайскоўцаў іншых краін NATO

Вучэньні ў Літве. Архіўнае фота

У Эстоніі ў вучэньнях Hedgehog 25 прымуць удзел больш за 16 тысяч чалавек. Яны сярод іншага адпрацуюць хуткае і маштабнае разгортваньне саюзных сілаў з Францыі і Вялікай Брытаніі, далучэньне іх да эстонскіх войскаў і выхад на поўную баявую гатоўнасьць.

Гэтыя вучэньні праходзяць у больш шырокім кантэксьце вучэньняў NATO па стрымліваньні і абароне Steadfast Deterrence 25, паведаміла Міністэрства абароны Эстоніі.

Вучэньні з удзелам каля 3,7 тысячы чалавек і 700 адзінак тэхнікі пачаліся і ў Літве, паведаміла BNS. Літоўскія вайскоўцы разам з шматнацыянальнай баявой групай NATO будуць адпрацоўваць як наступальныя, так і абараняльныя апэрацыі. З 16 траўня гэтае вучэньне зьменіцца наступным — ужо з удзелам паветрана-дэсантнай брыгады ЗША. Усяго ў цыкле вучэньняў у Літве, якія пачаліся ў траўні, возьмуць удзел каля 8 тысяч вайскоўцаў з больш як тысячай адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку самалётамі і караблямі. Жыхароў папярэдзілі, што на дарогах будуць часьцей сустракацца калёны вайсковай тэхнікі, а ў небе пралятаць вайсковыя самалёты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дуда адказаў на пагрозы Нарышкіна на адрас Польшчы і краін Балтыі, якія прагучалі ў Менску

Асобнае вучэньне пройдзе ў клайпэдзкім порце. У ім разам зь літоўцамі возьмуць удзел вайскоўцы з Партугаліі.

Літва таксама выдаткуе 1,1 мільярда эўра на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Зь іх 800 мільёнаў пойдзе на на супрацьтанкавыя міны. Праект разьлічаны на 10 гадоў. Раней літоўскія ўлады вырашылі выдаткоўваць на абарону ня 5, а 6 адсоткаў валавага ўнутранага прадукту, паведаміла Міністэрства абароны Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча правядзе вучэньні ў адказ на беларуска-расейскія манэўры «Захад-2025»

У верасьні на тэрыторыі Беларусі адбудуцца сумесныя з Расеяй вучэньні «Захад-2025», а таксама вучэньні ў рамках АДКБ з калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня «Узаемадзеяньне-2025», зь сіламі і сродкамі выведкі «Пошук-2025», а таксама матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня «Эшалон-2025».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі хаваюць суседзяў у дварах, а дроны аблыталі горад павуціньнем. Што адбываецца ў прыфрантавым Пакроўску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва выдаткуе 1,1 млрд эўра на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй