5 траўня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы людзей з інваліднасьцю.
Як падлічыў праваабарончы цэнтар «Вясна», на гэты час за кратамі ў Беларусі знаходзяцца прынамсі дзевяць палітзьняволеных з інваліднасьцю. Некаторыя людзі з інваліднасьцю выйшлі на волю пасьля некалькіх хваляў памілаваньня.
«Людзі з інваліднасьцю — асобная ўразьлівая група ў месцах зьняволеньня. Каб у поўнай меры кантактаваць з навакольным асяродзьдзем, ім патрэбныя дадатковыя ўмовы, бо зьняволеньне для такога чалавека больш жорсткае. Для гэтых людзей умовы зьняволеньня зьяўляюцца катаваньнямі часьцей, чым для іншых», — пішуць праваабаронцы.
Сярод палітвязьняў інваліднасьць маюць:
- 37-гадовы жыхар Маладэчна Аляксандар Кісель, які мае інваліднасьць другой групы пажыцьцёва. Яго накіравалі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны стацыянар за нібыта пакінуты абразьлівы камэнтар на адрас Лукашэнкі.
- 42-гадовы архітэктар з Магілёўшчыны Аляксей Парэцкі, якога прызналі вінаватым у паклёпе на Лукашэнку і паводле іншых артыкулаў ды пакаралі трыма гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён мае трэцюю групу інваліднасьці.
- Стрыечны брат прадстаўніка палку Каліноўскага Сяргей Франчук мае інваліднасьць трэцяй групы, яго асудзілі на тры гады калёніі, пазьней тэрмін павялічылі да трох з паловай гадоў зьняволеньня.
- Уладзімер Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасьць другой групы (ня мае нагі). Яго затрымалі 30 сьнежня 2020 году ў «справе Аўтуховіча» і асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі.
- 57-гадовая Марэт Валюк мае астму, у яе выдаленая шчытавіца, праблемы з ціскам. Маючы другую групу інваліднасьці, яна мусіць рэгулярна прымаць лекі. Яе абвінавачваюць паводле арт. 357 («змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу ўлады»).
- Ігар Шумілаў — актывіст з Баранавічаў, мае інваліднасьць трэцяй групы, яму ампутавалі нагу. Яму прысудзілі чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму за допісы ў сацыяльных сетках, у якіх сьледзтва разгледзела абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады.
- Галіна Дзербыш — пэнсіянэрка з Абухава Горадзенскага раёну, мае анкалягічнае захворваньне і праблемы з сэрцам. У яе другая група інваліднасьці. Яе асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі.
- Аляксандр Краўчук, які ня мае адной нагі, асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі нібыта за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
- Станіслаў Таспаеў, эколяг зь Мядзела, які мае інваліднасьць праз анкалягічнае захворваньне. Яго асудзілі на чатыры гады пазбаўленьня волі.