У новым нямецкім урадзе будуць і вядомыя палітыкі, і новыя твары

Будучы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, архіўнае фота

Некаторыя з будучых нямецкіх міністраў вядомыя сваёй прыхільнасьцю да беларускіх дэмакратычных сілаў.

Новы фэдэральны ўрад Нямеччыны цяпер на старце: калі ХДЗ і СДПГ ухваляць кааліцыйнае пагадненьне, новы ўрад можа пачаць працу 6 траўня.

Але ў якім складзе, дакладна пакуль невядома. Акрамя новага канцлера Фрыдрыха Мэрца, ва ўрадзе будуць 17 міністраў: шэсьць ведамстваў плюс пасаду кіраўніка ведамства канцлера запоўняць прадстаўнікі ХДЗ, сем — СДПГ, а трох накіруе ХСЗ, піша ўплывовае нямецкае выданьне FAZ.

«Фрыдрых Мэрц, падобна, будзе абраны канцлерам у аўторак. Яго каманда прынясе больш сьвежага паветра, чым большасьць камандаў пры яго папярэдніках», — піша выданьне.

Сьпіс кандыдатаў ад партыяў-пераможцаў пакуль дакладна не вядомы. Мэрц назваў толькі прозьвішча будучага міністра замежных справаў — гэта Ёган Вадэфуль. Ён юрыст і адстаўны вайсковец, раней быў прыхільнікам супрацы з Расеяй, але з пачаткам вайны рэзка памяняў погляды. Кіраўніцтва партыі абяцае «сюрпрызы», то бок вылучэньне на пасады міністраў невідавочных кандыдатаў.

Нядаўна стаў вядомы склад кааліцыйнага кабінэту ад сацыял-дэмакратаў, партыі — партнэра ў кааліцыі.

Некалькі чалавек раней спрычыняліся да беларускай праблематыкі. Сярод іх Бэрбэль Бас — будучая фэдэральная міністарка працы й сацыяльных справаў. Яна на пасадзе сьпікеркі Бундэстагу сустракалася зь Сьвятланай Ціханоўскай падчас уручэньня прэміі імя Карла Вялікага два гады таму.

Борыс Пісторыюс застанецца міністрам абароны. У інтэрвію New York Times ён прызнаваў, што ўважліва сачыў за роляй Беларусі ў канфлікце вагнэраўца Прыгожына з кіраўніцтвам Расеі.

Рым Алабалі-Радаван становіцца фэдэральнай міністаркай эканамічнай супрацы й разьвіцьця. Алабалі-Радаван працавала ўпаўнаважанай ураду ў пытаньнях інтэграцыі, яна вядомая сваёй прыхільнасьцю да пашырэньня магчымасьцяў эміграцыі ў Нямеччыну і натуралізацыі працаўнікоў з патрэбнай краіне кваліфікацыяй. Паходзіць зь сям’і ўцекачоў з Іраку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Фрыдрых Мэрц, які зьменіць Шольца на пасадзе канцлера Нямеччыны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэрц будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, а не Лукашэнку», — паліталягіня Марына Рахлей