«Бязьвіз» з Альбаніяй для беларусаў спыніцца з 30 верасьня

Сталіца Альбаніі Тырана. Архіўнае фота

Рада міністраў Альбаніі 24 красавіка ўхваліла прыпыненьне дзеяньня пагадненьня з урадам Беларусі аб узаемным скасаваньні візавых патрабаваньняў. Цяпер стала вядома, калі гэтае рашэньне ўступіць у сілу.

«Бязьвіз» з Альбаніяй для беларусаў спыніцца апоўначы 30 верасьня. Пра гэта паведамляе на сваім сайце амбасада гэтай краіны ў Расеі.

Дзеяньне пагадненьня аб узаемным скасаваньні візаў паміж Альбаніяй і Беларусьсю будзе цалкам прыпынена з 30 верасьня 2025 году. «Бязьвіз» перастане дзейнічаць «да далейшага апавяшчэньня», раней аб рашэньні паведаміла альбанскае агенцтва ATA, прычыны не названыя.

Удакладняюць, што рашэньне прынялі «ў падтрымку закону „Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Альбанія“ з унесенымі ў яго папраўкамі паводле прапановы міністра Эўропы і замежных справаў».

У траўні 2024 году альбанскі ўрад скасаваў бязьвізавы ўезд зь беларускімі дыпляматычнымі і службовымі пашпартамі.

27 сьнежня 2019 году Беларусь і Альбанія падпісалі пагадненьне аб узаемным скасаваньні візавых патрабаваньняў. З таго часу грамадзяне Беларусі маглі бязь візаў прыяжджаць у Альбанію, быць там і праяжджаць транзытам празь яе тэрмінам да 30 дзён.