Лясны пажар на мяжы Беларусі і Літвы тушылі амаль тыдзень

Лясны пажар на Горадзеншчыне. Архіўнае фота

Вечарам 4 траўня МНС Беларусі зьліквідавала лясны пажар на мяжы зь Літвой, які пачаўся ў канцы красавіка.

Асяродкі ляснога пажару каля вёскі Тоўцішкі (Воранаўскі раён Горадзенскай вобласьці) зьліквідавалі 4 траўня ў 18:23 паводле апэратыўнай зводкі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, піша «Позірк».

Пра тое, што на мяжы зь Літвой агнём ахоплена 60 гектараў лесу, стала вядома ўвечары 30 красавіка. На наступны дзень Горадзенскі аблвыканкам пасьпяшаўся аб’явіць пажар зьліквідаваным, аднак ажно да сёньня МНС рэгулярна рапартаваў аб працягу тушэньня асяродкаў узгараньня.

Згодна з інтэрактыўнай мапай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, 5 траўня ў Воранаўскім раёне з прычыны высокай пажарнай небясьпекі працягвае дзейнічаць забарона наведваць лясы. Таксама ў Горадзенскай вобласьці забаронена наведваць лясы ў Горадзенскім, Дзятлаўскім, Івейскім, Карэліцкім, Лідзкім, Наваградзкім, Астравецкім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнах.

Аналягічная забарона дзейнічае ўва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласьці, акрамя Клічаўскага; ува ўсіх раёнах Гомельскай вобласьці, акрамя Лельчыцкага; у Віцебскай вобласьці — у Дубровенскім, Аршанскім, Сеньненскім, Талачынскім і Чашніцкім раёнах; Менскай — у Барысаўскім, Вялейскім, Валожынскім, Крупскім, Мядзельскім, Слуцкім і іншых раёнах.

Падчас забароны ўезд і ўваход на тэрыторыю лесу забаронены. Абмежаваньне азначае, што ў лес нельга заяжджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы. Але даступныя пешыя прагулкі і збор ягад і грыбоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень у Беларусі зьліквідавалі 66 прыродных пажараў, вольна наведваць лясы можна толькі ў 5 раёнах