Гурт R.E.M. выпусьціў рэмікс свайго гіта ў падтрымку Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода

Песьня R.E.M. для Радыё Свабода на аранжавым вініле

Амэрыканскі рок-гурт R.E.M. 2 траўня выпусьціў рэмікс свайго гіта 1981 году «Радыё Свабодная Эўропа» (Radio Free Europe) — адмыслова да Сусьветнага дня свабоды прэсы. Гэты трэк будзе выкарыстаны для збору сродкаў у падтрымку Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) пасьля таго, як Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) замарозіла грант, вылучаны Кангрэсам ЗША для фінансаваньня працы мэдыяарганізацыі.

Рэмікс — адна зь пяці песень на новым альбоме, у які таксама ўвайшлі трэкі гурту, якія ніколі не выдаваліся. Таксама будуць выпушчаныя аранжавая (у фірмовых колерах Радыё Свабода) вінілавая кружэлка абмежаваным накладам, саколкі, постэры ў падтрымку РСЭ/РС.

«Гэта невялікі ўнёсак, які мы маглі б зрабіць у падтрымку свабоды слова і асабліва якаснай журналістыкі», — сказаў лідэр гурту Майкл Стайп у інтэрвію CBS Mornings.

Ён таксама запісаў відэазварот: «Ці гэта музыка, ці свабодная прэса – цэнзура ў кожным разе ўсюды пагражае праўдзе. У Сусьветны дзень свабоды прэсы я шлю вітаньні адважным журналістам Радыё Свабодная Эўропа», — падкрэсьліў Стайп.

«Журналісты Радыё Свабодная Эўропа ўжо 75 гадоў даводзяць дыктатараў да шалу, — заўважыў сузаснавальнік гурту, басіст Майк Мілз. — Вы ведаеце, што робіце сваю працу правільна, калі нажываеце сабе такіх ворагаў. З Сусьветным днём свабоды прэсы, Радыё Свабодная Эўропа!»

Удзельнікі R.E.M. у 2024 годзе

R.E.M. запусьціў онлайн–плятформу альбому, дзе можна замовіць гэты трэк у электроннай ці іншай форме. Такім чынам будзе зроблена ахвяраваньне для РСЭ/РС, каб дапамагчы журналістам і надалей выконваць сваю місію.

«Я даўні фанат R.E.M. Для мяне іх музыка ўвасабляе сьвяткаваньне свабоды: свабоды выказваньня, тэкстаў песень, якія прымушаюць нас думаць і якія натхняюць на дзеяньні. Гэта менавіта тое, чым нашы журналісты займаюцца тут, у RFE, — інфармуюць, натхняюць і адстойваюць свабоды нашай аўдыторыі, — заўважыў у сувязі з запускам праекту прэзыдэнт і генэральны дырэктар РСЭ/РС Стывэн Капус. — Прыемна, што нашу цяжкую працу адзначаюць надзвычай таленавітыя музыканты R.E.M.».

Чацьвёра журналістаў і аўтараў РСЭ/РС — Ігар Лосік, Ніка Новак, Уладзіслаў Есіпенка і Фарыд Мехралізада — цяпер сядзяць у турмах па абвінавачваньнях, зьвязаных з журналісцкай працай.

  • Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, у склад якога ўваходзіць Беларуская служба Радыё Свабода — незалежная мэдыякарпарацыя, якая фінансуецца коштам сродкаў, вылучаных Кангрэсам ЗША праз Агенцтва глябальных мэдыя.
  • 14 сакавіка 2025 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ пра скарачэньне дзейнасьці сямі дзяржаўных агенцтваў, у тым ліку USAGM.
  • Усьлед за гэтым зьявілася апавяшчэньне аб спыненьні дзеяньня ўхваленага Кангрэсам ЗША гранту, які фінансуе дзейнасьць РСЭ/РС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыё Свабода змагаецца за выжываньне. Зварот рэдакцыі