Альбанія прыпыніла «бязьвіз» для беларусаў

Сталіца Альбаніі Тырана. Архіўнае фота

Рада міністраў Альбаніі 24 красавіка ўхваліла прыпыненьне дзеяньня пагадненьня з урадам Беларусі аб узаемным скасаваньні візавых патрабаваньняў.

Як паведаміла альбанскае агенцтва ATA, рашэньне набывае моц неадкладна, яго прычыны не агучаныя.

Удакладняюць, што рашэньне прынялі «ў падтрымку закону „Аб міжнародных дамовах у Рэспубліцы Альбанія“ з унесенымі ў яго папраўкамі паводле прапановы міністра Эўропы і замежных справаў».

У траўні 2024 году альбанскі ўрад скасаваў бязьвізавы ўезд зь беларускімі дыпляматычнымі і службовымі пашпартамі.

27 сьнежня 2019 году Беларусь і Альбанія падпісалі пагадненьне аб узаемным скасаваньні візавых патрабаваньняў. З таго часу грамадзяне Беларусі маглі бязь візаў прыяжджаць у Альбанію, знаходзіцца там і праяжджаць транзытам празь яе тэрмінам да 30 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Альбанія дамовіліся пра бязьвізавы рэжым