Спачатку стала вядома пра запрашэньне на цырымонію прадстаўнікоў уладаў Беларусі. На даручэньне Лукашэнкі для ўдзелу ў цырымоніі пахаваньня пантыфіка ў Ватыкан накіруецца старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергеенка. Ён у санкцыйным сьпісе Эўразьвязу, але дзякуючы адмысловаму запрашэньню здолее наведаць Італію транзытам і трапіць у Ватыкан.
У дэлегацыю таксама ўвойдуць амбасадар пры Апостальскай сталіцы і часовы павераны ў справах Беларусі ў Італіі, піша прэс-служба Лукашэнкі.
Пазьней пра запрашэньне ў Ватыкан на цырымонію паведамілі з штабу Ціханоўскай. Палітыкіня даручыла кіраваць дэлегацыяй свайму дарадцу ў пытаньнях дыпляматыі Дзянісу Кучынскаму. Менавіта ён возьме ўдзел у афіцыйных захадах з нагоды пахаваньня папы.
Як адзначыла Сьвятлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале, Кучынскі — каталіцкі вернік, апошнімі гадамі ён адказваў у Офісе за сувязі з Ватыканам.
Такім чынам, у суботу, 26 красавіка, у Ватыкане на разьвітаньні з пантыфікам будзе прадстаўніцтва як ад рэжыму Лукашэнкі, так і ад дэмакратычных сілаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папу Рымскага Францішка пахаваюць у базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ 26 красавіка