Навіны палітвязьняў: Ярашука ўзнагародзілі міжнароднай прэміяй, Арэшка спрабаваў атрымаць статус інваліда ў зроку

Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

На 18 красавіка ў Беларусі сама меней 1200 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Рэальна зьняволеных паводле палітычных матываў у краіне можа быць больш.

Палітзьняволенага прафсаюзнага лідэра Ярашука ўзнагародзілі міжнароднай прафсаюзнай прэміяй

Палітзьняволены беларускі прафсаюзны лідэр Аляксандар Ярашук узнагароджаны Міжнароднай прэміяй за правы прафсаюзаў імя Артура Свэнсана за 2025 год. Такое рашэньне прыняў камітэт прэміі.

Аляксандар Ярашук, прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і сябра Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы, узнагароджаны за «бескампрамісную абарону правоў працоўных і дэмакратыі ў Беларусі».

«Цалкам абсурдна, што чалавек, які ўваходзіць у Адміністрацыйную раду Міжнароднай арганізацыі працы, цяпер знаходзіцца ў турме за адстойваньне правоў працоўных. Прафсаюзны рух ня ёсьць злачынствам», — падкрэсьліў кіраўнік камітэту прэміі Свэнсана і прэзыдэнт нарвэскага прафсаюзу Styrke Фрудэ Алфгэйм.

Камітэт прэміі адзначае, што справа Ярашука стала «сымбалем супраціву і надзеі для прафсаюзных дзеячоў ува ўсім сьвеце», і падкрэсьлівае што ўлады Беларусі працягваюць душыць грамадзянскую супольнасьць: больш за 40 лідэраў і актывістаў прафсаюзаў былі зьняволеныя, а ўсе незалежныя прафсаюзы прымусова зьліквідаваныя.

Генэральны сакратар IndustriALL Атле Гёе бачыць атакі на правы прафсаюзаў у Беларусі «сярод самых жахлівых, якія мы бачылі ў сучаснай гісторыі».

Прэмію Артура Свэнсана штогод прысуджае нарвэскі прафсаюз Styrke. Яна складае 500 тысяч нарвэскіх крон (каля 47 тысяч даляраў). Прэмію Ярашуку маюць уручыць 11 чэрвеня ў Осла. Гэта ўжо другі раз, калі ўзнагароду атрымліваюць прадстаўнікі Беларусі. У 2021 годзе прэмію прысудзілі Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыям, якія ўваходзяць у яе.

Лідэра БКДП Аляксандра Ярашука арыштавалі ў красавіку 2022 году і асудзілі на 4 гады зьняволеньня паводле 342 і 361 артыкулаў Крымінальнага кодэксу за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і «заклікі да дзеяньняў, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны». Сваёй віны Аляксандар Ярашук не прызнаў, праваабаронцы Беларусі лічаць яго палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Аляксандра Ярашука выбралі ў Адміністрацыйную раду Міжнароднай арганізацыі працы

Актывіст прафсаюзу РЭП Арэшка спрабаваў атрымаць статус інваліда ў зроку

Былы палітвязень, які адбываў тэрмін у івацэвіцкай калёніі № 22, расказаў «Вясьне» пра стан здароўя актывіста прафсаюзу РЭП, журналіста, публіцыста і літаратара 70-гадовага Вячаслава Арэшку.

«Арэшку таксама памілаваньне прапаноўвалі, але ён адмовіўся. Ён спрабаваў атрымаць інваліднасьць па зроку, бо фактычна ня бачыць на адлегласьці рукі. Але, відавочна, ніхто гэтага не зрабіў», — расказаў «Вясьне» былы палітвязень, які сядзеў разам з Арэшкам.

Вацлаў Арэшка, архіўнае фота

Вацлава Арэшку затрымалі 19 красавіка 2022 году. У той дзень адначасова былі арыштаваныя кіраўнікі і найбольш вядомыя актывісты беларускіх незалежных прафсаюзаў. Амаль праз год, у студзені 2023-га, Арэшку асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сярод трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх асудзілі актывіста, быў артыкул 361-1 пра стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня» і ўдзел у ім. Гэткім фармаваньнем беларускія ўлады прызналі прафсаюз РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці), у якім Арэшка рэдагаваў прафсаюзны бюлетэнь.

Вацлава Арэшку трымаюць у калёніі № 22 пад Івацэвічамі. Раней стала вядома, што ў калёніі Вацлаў Арэшка праз узрост вызвалены ад працы на вытворчасьці, ён часта зьвяртаецца па дапамогу да дактароў. У палітвязьня катастрафічна пагоршыўся зрок, нават лісты дамоў пішуць іншыя вязьні па ягонай просьбе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка сустракае 70-годзьдзе за кратамі

17 актывістаў за кратамі, 8 выйшлі на волю

Акрамя Вацлава Арэшкі, за кратамі ў беларускіх вязьніцах застаюцца яшчэ 6 ягоных калег па незалежных прафсаюзах і 10 актывістаў рабочага руху, якія таксама пацярпелі ад рэпрэсіяў пачынаючы з 2020 году.

Гэта Аляксандар Ярашук, Генадзь Фядыніч, Вольга Брыцікава, Андрэй Ханевіч, Арцём Жарнак, Аляксандар Кандрацюк, а таксама Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Уладзімер Жураўка, Аляксандар Капшуль, Ігар Мінц, Андрэй Пагерыла, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Сяргей Шэлест.

Паводле «Вясны», цалкам адбылі пакараньне і выйшлі з турмы актывісты незалежнага прафсаюзнага руху былыя палітвязьні Сяргей Антусевіч, Ірына Бут-Гусаім і Зінаіда Міхнюк.

Васіль Берасьнеў выйшаў на волю праз памілаваньне.

Адбылі «хатнюю хімію» актывісты Міхаіл Громаў, Аляксандар Мялешка, Галіна Сьмірнова і Сьвятлана Саковіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы налічылі 219 палітвязьняў у сытуацыі асаблівай рызыкі, якіх трэба тэрмінова вызваліць